Міхаіл Міхадзюк, якога асудзілі за хабарніцтва, трапіў пад частковую амністыю

Міхаіл Міхадзюк у судзе

Міхаіл Міхадзюк у судзе / БЕЛТА

Былога намесніка міністра энергетыкі Беларусі Міхаіла Міхадзюка за карупцыю спачатку пакаралі 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму, вялікім штрафам (40 тысяч рублёў) і пазбаўленнем на 5 гадоў права займаць пасады, "звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў". Але пасля суддзя аб'явіў, што ён трапляе пад частковую амністыю і пастанавіў вызваліць Міхадзюка "ад пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі часткова тэрмінам на год" (гэта і прапаноўваў дзяржабвінаваўца). Тэрмін адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі "вылічаецца з дня ўступлення прысуду ў законную сілу". Міхаілу Міхадзюку залічылі ў тэрмін пакарання ўтрыманне пад вартай "з разліку адпаведнасці аднаго дня ўтрымання пад вартай паўтара дня пазбаўлення волі".

Міхаіл Міхадзюк быў намеснікам міністра энергетыкі з 2005 года, курыраваў БелАЭС. Напрыканцы 2023-га яго звольнілі, а ў студзені 2024 года пачалі крымінальную справу. На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 14 чэрвеня сёлета аб'явілі, што экс-чыноўнік знаходзіцца ў СІЗА. Яго злавілі на атрыманні хабару "за забеспячэнне ўдзелу камерцыйнай кампаніі ў будаўніцтве высакавольтных падстанцый на тэрыторыі Беларусі". Па словах Лукашэнкі, гэта былі дзясяткі тысяч долараў. У судзе было агучана, што ў 2018-2023 гадах тагачасны намеснік міністра атрымаў агулам 35 тысяч еўра. Міхадзюк сваю віну цалкам прызнаў, "даход, атрыманы злачынным шляхам", кампенсаваў, а 5 тысяч рублёў перадаў у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.

Справу Міхаіла Міхадзюка з 20 жніўня разглядаў суд Ленінскага раёна Мінска.

Міхаіл Міхадзюк, якога асудзілі за хабарніцтва, трапіў пад частковую амністыю

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі