Міхаіл Дарашэвіч: "Інтэрнэт пужае дзяржаўныя органы"

Кіраўнік праекта e-belarus.org Міхаіл Дарашэвіч у праграме "Відавочца тыдня" разважае пра ролю інтэрнэту ў Беларусі, ролю электронных СМІ ў агульнай інтэрнэт прасторы, а таксама пра тое, ці зможа дзяржава кантраляваць гэтую сферу.
Міхаіл Дарашэвіч: Роля электронных СМІ ў Беларусі вельмі важная і натуральна, што яна расце. Людзі прыходзяць шукаць інфармацыю, якой ім не стае ў традыцыйных СМІ. Кожны год і кожны месяц колькасць людзей, якія наведваюць сайты з навінамі павялічваецца.

У асноўным за якой інфанмацыяй ходзяць у інтэрнэт?

— Я думаю, што ў асноўным людзі ходзяць у інтэрнэт за інфармацыяй практычнага кшталту. І прыкладна 70% карыстальнікаў шукаюць менавіта практычную інфармацыю.

Думаю, што гэта нейкі сігнал для людзей, якія займаюцца інтэрнэт-праектамі, каб пабачыць, чаго чакаюць людзі. Таму што інфармацыйных сайтаў становіцца ўсё больш і больш, але навінаў у іх больш не становіцца, таму што яны бяруць іх адзін у аднаго, а людзі чакаюць канкрэтных адказаў на свае практычныя пытанні.

Таму даволі папулярныя сайты, дзе людзі могуць прааналізаваць кошт некаторых рэчаў, давецца пра тэхнічныя характарыстыкі і г.д. Яшчэ адзін прыклад практычнай інфармацыі – гэта заўсёдная папулярнасць сайтаў пра надвор’е.

Мы так мяркуем, што з павелічэннем ролі інтэрнэту, дзяржава паспрабуе кантраляваць яго дзейнасць. Наколькі гэта магчыма?

— Інтэрнэт пужае дзяржаўныя органы, і магчыма таму, на жаль, яны і рэгуляванне разумеюць як абмежаванне. Калі разглядаць негатыўны бок, то гэта рэгістрацыя онлайнавых СМІ, абавязковае іх размяшчэнне ў дамене BY, хостынг у Беларусі. Такога кшталту абмежаванні, на жаль, не пашыраюць беларускі інтэрнэт, не даюць больш інфармацыі пра Беларусь людзям ва ўсім свеце.

Калі будзе прыняты такі закон, якому павінны будуць падпарадкоўвацца электронныя СМІ, і калі на гэтых рэсурсах будзе размешчана інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасці, чуткі, напрыклад… Якія ў такім разе могуць быць санкцыі?

— Напрыклад, у законапраекце пра інфармацыю і інфарматызацыю ёсць артыкул 22. І ў гэтым артыкуле гаворыцца, што забараняецца распаўсюджанне інфармацыі, якая накіравана на прымусовае змяненне канстытуцыйнага ладу, прапаганду вайны і г.д. Далей там гаворыцца пра інфармацыю, якая абражае гонар і рэпутацыю грамадзян.

Гонар і рэпутацыя прыватных асобаў абараняецца звычайна адміністацыйным заканадаўствам. І чаму тут яны трапляюць пад дзейнасць закона аб інфармацыі і інфарматызацыі – гэта ўжо вельмі дзіўна.

У праекце Закона “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі“, які разглядаецца цяпер у парламенце, эксперты вылучаюць шэраг недакладнасцяў. Па-першае, гэта недакладнасць фармулёвак, па-другое - вялікая колькасць розных сфер, якія спрабуюць ахапіць законам...

— Я лічу, што для таго, каб Беларусь была больш адкрытай краінай для прыцягнення замежных інвестыцый, каб эканоміка была адкрытай, беларускае заканадаўства павінна быць гарманізавана з сусветным заканадаўствам, таму, трэба выкарыстоўваць агульнапрынятую ў свеце тэрміналогію. Таму што, калі выкарыстоўваецца тэрміналогія, якая потым аказваецца проста падобнай на сусветную, гэта прыводзіць да таго, што трактаваць закон можна будзе па-рознаму.

Што тычыцца другога пункту, гэта сапраўды так. Гэты законапраект нагадвае хутчэй стратэгію, але стратэгіяй не з’яўляецца. Шмат узнікае пытанняў, таму што ў законапраекце ёсць вялікая колькасць магчымасцяў для стварэння розных нарматыўных актаў, падзаконных рэчаў, а яны могуць як палепшыць закон, так і наадварот – пагоршыць.

Пытанне, якое напэўна турбуе нас больш за ўсё – ці магчымы кантроль і цэнзура ў інтэрнэце?

— Магчымы ў поўнай ступені. Больш за тое, уласцівасць Беларусі – гэта самацэнзура. І, на жаль, я думаю, што ад самацэнзуры губляюць усе. У свеце няма развітых краінаў, дзе б існавала такая самацэнзура, як у Беларусі. Вельмі шмат негатыўных прыкладаў, як гэта можа адбывацца.

Напрыклад, Кітай, дзе ўрад прымусіў асноўныя блогавыя службы падпісаць дамову пра самадысцыпліну, каб спыніць ананімны блогінг. Гэта азначае, што трэба рэгістраваць блогераў разам са зместам блогаў. Блог-сервісы заахвочваюць рэгістрацыю карыстальнікаў пад іх сапраўднымі імёнамі і кантралююць інфармацыю перад тым, як яна размяшчаецца ў інтэрнэце.

Такім чынам, спосабы кантролю і цэнзуры даволі шырокія, і калі ў краіне інфраструктура вельмі цэнтралізаваная як у нас, гэтыя магчымасці вельмі небяспечныя.

Ці выкарыстоўвае дзяржава інтэрнэт з карысцю для сябе?

Я думаю, што не, хоць інтэрнэт дае дзяржаве цудоўную магчымасць для камунікацыі з людзьмі. У Еўрапейскім Саюзе існуе 25 онлайнавых паслуг, якія прадастаўляюць дзяржаўныя органы, яны даволі шырокія і разнастайныя – пачынаючы з доступу да дзяржаўнай інфармацыі і заканчваючы онлайнавым запаўненнем падатковых дэкларацый.

Для Беларусі ўсе праекты такога кшталту вельмі глабальныя. У нас няма практыкі запуску невялікіх, лакальных пілотных праектаў, калі ў межах невялікага горада можна было б паглядзець як працуюць альбо не працуюць пэўныя спосабы ўзаемадзеяння ўлады з насельніцтвам пры дапамозе онлайна, а ўжо потым спрабаваць распаўсюджваць гэты досвед.

Напрыклад, кіраўніцтва Аўстраліі бачыць магчымасць прыцягнення грамадзян да абмеркавання новай палітыкі менавіта праз форумы, якія базуюцца на блогавай сістэме, для таго каб дзяржаўныя чыноўнікі мелі магчымасць выказваць сваё меркаванне і ведаць меркаванні выбарнікоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі