Меркель: Адзіная еўрапейская армія не накіравана супраць NATO
Канцлер Германіі падтрымала ідэю стварэння на кантыненце аб'яднаных узброеных сіл.
Канцлер Германіі Ангела Меркель падтрымала ідэю стварэння на кантыненце адзінай еўрапейскай арміі. Тыдзень таму яе выказаў французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон. Выступаючы ў Еўрапарламенце, Меркель згадала і словы кіраўніка Еўракамісіі Жана-Клода Юнкера, які чатыры гады таму гаварыў, што падобныя ўзброеныя сілы маглі б гарантаваць мір у Еўропе, інфармуе meduza.io.
Канцлер Германіі адзначыла, што адзіная еўрапейская армія "не накіравана супраць NATO", а можа стаць дадаткам для Паўночнаатлантычнага Альянсу. Раней Макрон гаварыў, што Еўропа мусіць быць гатовая абараніць сябе ад ЗША, Кітая і Расіі. Яго словы крытыкаваў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Менавіта яго прыход да ўлады ў Злучаных Штатах і прывёў да ахалоджвання дачыненняў з Еўрасаюзам. Трамп лічыць, што ЗША зашмат траціць на забеспячэнне бяспекі Еўропы, у той час як еўрапейскія краіны на гэтым эканомяць.