Менцюка ўнеслі у спіс невыязных, але паехаць на шоў у Маскву не забаранілі

Віноўца здарэння на трасе Мінск-Мікашэвічы Раман Мянцюк, супраць якога ДАІшнікі выстаўлялі “жывы шчыт”, замест следчага эксперыменту паехаў ў ЗАГС. А калі яго зрабілі невыязным, накіраваўся ў Маскву на шоў Малахава. Дзе ён зараз - невядома 19 сакавіка ў студыі Першага канала Раман Мянцюк прызнаўся, што не ведае, што супраць яго два дні таму распачалі крымінальную справу.

Пра крымінальную справу супраць Рамана Менцюка і супрацоўнікаў ДАІ, якія выставілі з прыватных аўтамабіляў “жывы шчыт”, Еўрарадыё пацвердзіла памочнік пракурора Мінскай абласной пракуратуры Таццяна Калініна.

Таццяна Калініна: “У адносінах да супрацоўнікаў міліцыі распачатая справа па 1 частцы 424 артыкула. Гэта – злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. А ў адносінах да Менцюка – па 1 частцы 317 артыкула. Гэта – парушэнне правілаў бяспекі руху”.

Як стала вядома Еўрарадыё, Раману Менцюку пагражае да 2 гадоў пазбаўлення волі. Інспектараў ДАІ могуць, па словах памочніка пракурора, альбо проста звольніць з органаў, альбо таксама адправіць за краты.

Таццяна Калініна:
“Магчымыя меры пакарання -- пазбаўленне права займаць пэўныя пасады альбо займацца пэўнай дзейнасцю. Са штрафам альбо пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў. І з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады”.

Па яе словах, з Менцюка “здаецца, узялі падпіску аб нявыездзе”. Нягледзячы на гэта, 19 сакавіка ён прымаў удзел у здымках праграмы “Пусть говорят!” на маскоўскім Першым тэлеканале.

Па словах пацярпелага тым дарожным здарэнні Юрыя Пашкевіча, з’яўленне таго на здымках стала для ўсіх удзельнікаў нечаканасцю.

Юрый Пашкевіч: “Я ведаю, што іх адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, але калі я яго ўбачыў, у мяне проста быў шок. У мяне ў галаве не магло ўкласціся, як ён мог туды прыехаць? Я б, напэўна, ад сораму згарэў, а яны мала таго што прыехалі, дык яшчэ і спрабавалі сябе апраўдаць”.

Найбольш, па словах пацярпелага, яго ўразіла сцвярджэнне ўцекача, што ён не ўбачыў ДАІшнікаў і машыны, якімі перагарадзілі дарогу. А адваката Веру Страмкоўскую ўразіла тое, што ён нібыта не ведае, што супраць яго 17 сакавіка распачалі крымінальную справу.

Вера Страмкоўская: “Нічога не запыталіся: ні як дзіця, ні як адчуваюць сябе пацярпелыя. Ніякіх прабачэнняў, нічога. Яны сябе адчувалі зоркамі. Я ў яго запыталася пра ягоную справу, пра тое, што яму абвінавачванне ўжо прад’явілі. А ён адказаў, што не, нічога яшчэ няма”.

Як паведаміў Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Генпракуратуры Міхаіл Вавула, чалавек, з якога ўзялі падпіску аб нявыездзе, парушыць яе можа толькі з дазволу следчага па справе. Калі такога дазволу не было, Менцюка чакае арышт. А калі той вырашыць уцячы з краіны, то яго аб’явяць у міжнародны вышук.

Міхаіл Вавула: “Калі такое надарыцца, то яго, безумоўна, аб’явяць у міжнародны вышук. Затрымаюць і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці”.

Але як паведаміў Еўрарадыё начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў пры УУС Мінскай вобласці Аляксандр Шункевіч, падпіску аб нявыездзе з Рамана Менцюка… не бралі. Але ўнеслі яго ў спіс невыязных. Што не забараняе яму выязджаць у Расію, з якой мяжы няма.

Аляксандр Шункевіч: “Мера стрымання ў адносінах да яго не абіралася, патрапіў ён у спіс невыязных. Выехаць не можа ў тыя краіны, дзе ёсць мяжа. З Расіяй мяжы няма, таму ён бесперашкодна туды паехаў. Таму ў адносінах да яго за гэтую паездку нічога прымяняцца не будзе”.

Як паведамлялася раней, следчыя планавалі 16 сакавіка правесці першы следчы эксперымент на месцы здарэння. Яго адклалі з-за таго, што… віноўца здарэння нібыта знаходзіўся ў шпіталі. Тое, што насамрэч ён быў не на бальнічным ложку, а браў шлюб у адным з мінскіх ЗАГСаў, міліцыянты зараз ніяк не каментуюць. І следчы эксперымент праводзіць будуць. Але калі -- супрацоўнік УУС Мінскай вобласці не ведае. На пытанне Еўрарадыё, ці ўпэўненыя следчыя, што Мянцюк вярнуўся з Масквы ў Мінск, а не накіраваўся, напрыклад, адразу ў вясельнае падарожжа ў Егіпет, супрацоўнік УУС Мінскай вобласці адказаў, што ўсё пад кантролем, следчы ў любы момант можа яго выклікаць. Між тым, мабільныя тэлефоны Рамана Менцюка і яго жонкі адключаныя….

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі