Мастака з Гальшанаў зноў чакае суд — за непадпарадкаванне адміністрацыі турмы
Іван Вярбіцкі / rh.by
Мастака з Гальшанаў (аграгарадок у Ашмянскім раёне) 56-гадовага Івана Вярбіцкага зноў будуць судзіць. Пра гэта стала вядома праваабаронцам. Суд адбудзецца 19 снежня ў Магілёве. Мастака вінавацяць у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (ч. 1 арт. 411 КК РБ).
У сакавіку 2021 года Вярбіцкага асудзілі на 8 гадоў і 1 месяц калоніі. Яго абвінавачвалі паводле трох артыкулаў КК: у падбухторванні да акта тэрарызму, незаконным набыцці, захоўванні боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, а таксама ў знішчэнні афіцыйных дакументаў.
Падставай для крымінальнай справы зрабілася паведамленне Вярбіцкага ў адной з груп Telegram-канала. У паведамленні былі, палічыла следства, "заклікі да пашкоджання" кактэйлямі Молатава" будынка КДБ і падпалу пракуратуры Ашмянскага раёна". Было яшчэ адно паведамленне "з заклікамі да пашкоджання і знішчэння маёмасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў шляхам падпалу транспартных сродкаў, якія належаць ім". На судзе мастак прызнаў віну толькі "ў пашкоджанні пастановы на ператрус".
Праваабаронцы кажуць, што ў калоніі на Вярбіцкага ціснулі: два месяцы ён правёў у штрафным ізалятары і ПКТ. А ў верасні 2021 Івану Вярбіцкаму зрабілі больш жорсткім пакаранне: яго этапавалі ў Магілёўскую турму №4.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.