Маскоўская газета знайшла пераемніка Лукашэнку

Днямі расійская газета “Версия” надрукавала артыкул, у якім назвала пераемнікам беларускага прэзідэнта нейкага Сяргея Каракіна. Аўтар падае, што некалькі дзён таму гэты чалавек быў запрошаны ў Крэмль на сустрэчу з уплывовымі расійскімі асобамі.

У якасці эксперта газета прыводзіць каментар беларускай журналісткі Святланы Калінкінай. Вось што расказала нам Святлана пра свой удзел у напісанні матэрыяла:

“Цытата ў “Версии” ўзята з майго каментара, у якім ішла размова пра тое, што ў Маскве даспелі да таго, каб браць пад свой кантроль транзіты праз Беларусь, але не даспелі да смены ўлады.


Гэта галоўная памылка маскоўскіх экспертаў, якія лічаць, што сітуацыя ў Беларусі можа нейкім чынам сама сабой вырашыцца. На мой погляд, калі пошукі пераемніка і пачнуцца, то шукаць будуць не ў апазіцыйным блоку, а ў наменклатурным.”

Але ж хто такі Сяргей Карякін? Мы паспрабавалі пашукаць загадкавага пераемніка. У тэлефоннай базе мабільнай сувязі ёсць толькі дзве асобы з такімі імёнамі і прозвішчамі.


Але,на жаль, па аднаму нумару нам адказалі, што нумар ужо не існуе. Другі — пасіаянна не даступны. Тады Еўрарадыё звярнулася да Інтэрнэту.


Высветлілася, што Сяргеі Каракіны ёсць таксама у Расіі і ва Ўкраіне. Расіянін з’яўляецца кінаакцёрам, а ўкраінец — вядомы шахматыст.


Далей мы скарысталі інфармацыю “Версии” наконт удзелу Сяргея Каракіна ў прэзідэнцкай кампаніі 2001 года ў штабе Ўладзіміра Ганчарыка. Распавядае Валянціна Палевікова, былая кіраўнічка штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты:

“Каракіна, канешне ж, не было. Я гэта магу сказаць вам адмыслова, таму што ведала ўсіх, хто працаваў ў штабе. Можа быць ён знаходзіўся ў Расіі і я яго не магла ведаць. Але нават там не было такога.”

Сам жа Ўладзімір Ганчарык лічыць, што ў Маскве проста шукаюць пераемніка Лукашэнкі, які будзе спрыяльна ставіцца да Расіі.

“Я лічу, што Масква дапусціла стратэгічную памылку ў тым сэнсе, што патрэбна было б падумаць аб тым, каб быў палітык, нацэлены на здаровыя стасункі з Расіяй.


Зараз на гэтым поле гуляе толькі Лукашэнка. Ў 2001-ым годзе было абмеркаванне кандыдатур, альтэрнатыўных існуючаму прэзідэнту, аб гэтым мне ў свой час гаварылі ў Маскве.


На мінулых выбарах такога не было. Цяпер жа гэта толькі спроба звярнуць увагу, гэта проста PR ход.”

Магчыма, газета “Версия” памылілася ў напісанні прозвішча, і размова ў артыкуле ідзе пра Сяргея Калякіна, старшыню Партыі камуністаў Беларусі? Палітык так пракаментаваў гэтую інфармацыю:

“Я вельмі кепска стаўлюся да “жоўтай” прэсы. Тую лухту, якую яны пішуць пра шматлікія рэчы, я ніколі не ўспрымаў сур’ёзна.


Тым больш тую версію, якую яны выдалі. Па-першае, яна мае незразумелы кантэкст, па-другое, то, што там напісана проста не можа быць.


Ніхто ў Маскве не можа вызначыць пераемніка, тым больш вырашыць гэта канчаткова. Адзінае, што можна зараз сцвярджаць — сёння Расія будзе ўважліва сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі.


Маскве вельмі выгадна, каб той, хто прыйдзе наступным пасля Лукашэнкі, улічваў у сваёй палітыцы стратэгічныя інтарэсы Расіі.”

Высланы летась з Беларусі палітолаг Андрэй Суздальцаў лічыць, што супраць лідара ПКБ Сяргея Калякіна праводзіцца “спецаперацыя беларускіх спецслужбаў”. Расійская ж газета, на яго думку, з’яўляецца толькі прыкрыццём.


Такім чынам атрымліваецца, што апошні час ідзе сапраўдная кампанія па вышуку пераемніка беларускаму прэзідэнту.


З ГІСТОРЫІ ПЫТАННЯ
Першым магчымым пераемнікам існуючага прэзідэнта называлі Міхаіла Мясніковіча. Менавіта пасля распаўсюджвання такой інфармацыі Лукашэнка зняў яго з пасады кіраўніка адміністрацыі і “саслаў” у Акадэмію навук. У свой час абмяркоўвалася таксама і кандыдатура прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага. Пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў шмат размоў ішло пра кандыдатуру намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч. А зараз асноўным пераемнікам Аляксандра Лукашэнка лічаць яго сына Віктара, якога бацька сёлета зрабіў членам Савета бяспекі.

Пошук “пераемніка прэзідэнта” — гэта папулярная гульня ў Расіі, дзе ўсе гадаюць: а хто ж зменіць Уладзіміра Пуціна?


І не дзіўна — прэзідэнцкія выбары ў іх адбудуцца ўжо ў 2008 годзе. Але справа ў тым, што расійскія рэаліі ў сітуацыі з пераемнікам не актуальны зараз для Беларусі.


Святлана Калінкіна, напрыклад, лічыць што к 2011 году, году наступных прэзідэнцкіх выбараў, Беларусь падойдзе да неабходнасці разлічвацца з Расіяй.


На той момант жыццёвыя рэаліі падрыхтуюць наш народ да думкі, што жыць пры сучаснай ўладзе будзе ўсё горш і горш.


Тыды Лукашэнка мусіць ці адумацца і выправіцца, ці сам знайсці сабе замены. У інакшым выпадку — яму застаецца толькі згадзіцца на кандыдатуру, якую яму падкажуць у Маскве.

Фота — www.hhg.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі