Маскі — "рэч добраахвотная": як разумець выказванні Лукашэнкі?

Беларусы заблыталіся: ці то ў масцы ўваход, ці то ўжо не ў масцы / Еўрарадыё
Беларусы заблыталіся: ці то ў масцы ўваход, ці то ўжо не ў масцы / Еўрарадыё

Не так даўно Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што каранавірус са сваімі мутацыямі і новымі штамамі застаецца рэальнай пагрозай для ўсіх краін. Але пры гэтым беларускі кіраўнік дадае, што вакцынацыя і маскі — рэч добраахвотная. Крыху раней грамадскасць чула ягоныя выказванні пра "каронапсіхоз" і рэкамендацыі лячыць каранавірус парылкай. Як разумець такое "кавід-дысідэнцтва" першай асобы краіны?

— Не магу не адзначыць тую акалічнасць, што людзі пачалі насіць маскі. І гэта прыемна. Працягвайце, маска вам не перашкодзіць, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё прафесар-псіхолаг Уладзімір Янчук. — Як чалавек эмацыйны, як чалавек імпульсіўны — і ў тым ліку ад безадказнасці, — ён [Лукашэнка. — Еўрарадыё] часта выказвае свае эмоцыі. Больш таго, жыве ён у інфармацыйнай капсуле. Калі інфармацыя ствараецца па справаздачах розных кіраўнікоў, то ты заўсёды становішся закладнікам.

Усе гэтыя інфармацыйныя ўкіды падпарадкаваныя адной асаблівасці — не напалохаць і паказаць, што "ў нас усё добра". У нас агульная карцінка якая? Нягледзячы на "падкопы ворагаў", ураджай добры, праблем з прадуктамі няма. Долар стаіць, усё добра. А раптам ты раскажаш праўду ці раптам ты раскажаш пра тое, што нядобра, то тады гэта табе будзе пагражаць нейкімі санкцыямі. Пакуль не атрымаецца тая сітуацыя, калі людзі будуць адказваць за свае словы, то многае будзе адбывацца і далей так. Нас жыццё вучыць спадзявацца на нейкія іншыя крытэры.

Тое, што гаворыцца, у тым ліку такім чалавекам, які займае галоўную пазіцыю ў дзяржаве, не заўсёды павінна ўспрымацца на веру. Таму паўтараюся: звяртайце ўвагу не толькі на ўказанні адной асобы, але і на сусветную практыку.

Заходнія краіны былі гатовыя пастаўляць у Беларусь розныя вакцыны еўрапейскай вытворчасці, але Мінск адмовіўся іх прымаць. Да таго ж у сацсетках у адказ на заявы Лукашэнкі нядаўна пачаўся флэшмоб "Калі ты супраць Лукашэнкі — насі маску". Гэтыя два фактары маглі паўплываць на рашэнні беларускага кіраўніка?

— З майго пункту гледжання, гэта такая рэакцыя, маўляў, "мы самі з вусамі" і не патрэбныя нам гэтыя заходнія рэчы, нам усё па сілах, нам усё па плячы. Хоць таксама вакцынаванне не такое эканамічна затратнае, бо Захад прапануе яго субсідаванне. На жаль, тут амбіцыі больш значныя, чым здаровы сэнс, — падсумоўвае Уладзімір Янчук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі