Вы тут

"Марым адкрыць сваю справу". Сям'я ветэрынараў уцякла ў Польшчу і жыве па-новаму

Антон і Ганна Шамянковы / фота з асабістага архіва

Такім тэкстам цяпер ужо мала каго здзівіш. Беларусы, супрацьстаянне бюракратычнай сістэме, спроба нешта змяніць, выезд з краіны — звычайная гісторыя. У Ганны і Антона Шамянковых нават планы ўжо самыя звычайныя — хоць трохі абжыцца ў Польшчы, завесці свой бізнес. Яны не толькі не здаюцца, але яшчэ і прымудраюцца дапамагаць іншым. Ганна вырашыла расказаць нам найноўшую гісторыю сваёй сям'і. Гэта звычайны, банальны тэкст пра эміграцыю, але тэрапеўтычная дэманстрацыя сілы духу і гісторыя перамагання складанасцяў.

— Чаму вы з'ехалі?

— Мы сям'я ветэрынараў: я лекар, муж — правізар ветэрынарнай медыцыны. У нас яшчэ да жніўня [2020 года. — Еўрарадыё] ўсё пачалося. Муж адпрацоўваў практыку ў Хойніках, а я паехала туды па размеркаванні праз два гады пасля яго. Там сітуацыя дайшла да таго, што ў нас узнікла думка падаць у суд на Гомельскі аблвыканкам, але своечасова схамянуліся і не зрабілі гэтага. Усё роўна гэта нічога б не змяніла і мы б толькі нажылі сабе вялікіх праблем.

А 10 жніўня 2020 года мы былі ў Гомелі і, як многія гамельчукі, выйшлі на вуліцу. Перад выбарамі, яшчэ ў траўні, мы былі на пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую на Камароўскім рынку ў Мінску, стаялі ў той знакамітай чарзе на кіламетры і на свае вочы бачылі затрыманні. Ужо літаральна праз месяц пасля выбараў стала ясна, што выхады з кветкамі ні да чога нас не прывядуць.

Увосень 2020-га, калі супрацьстаянне зацягнулася, узмацняліся рэпрэсіі, мы вырашылі не выпрабоўваць лёс і паехаць у Польшчу. І ўжо праз пару месяцаў бацьку майго мужа патэлефанавалі з міліцыі, каб даведацца, дзе ён. Так мы зразумелі, што рашэнне выехаць было правільным.

— Калі вы з'ехалі? З адной валізай?

Мы прыехалі ў Польшчу ў канцы лістапада 2020 года. З сабой мы ўзялі ўсяго тры валізы, забітых даверху адзеннем. Ведалі б загадзя, што для жыцця на эміграцыі гэта зусім не патрэбныя рэчы, узялі б з сабой нешта больш карыснае і неабходнае. Грошай у кішэні было няшмат, долараў 500 прыкладна.

Пераезд быў таксама велізарным стрэсам. Мы вырашылі ехаць па працоўных візах. Для іх атрымання трэба, каб польскі працадаўца выслаў нам так званае запрашэнне на працу. Усё гэта было зроблена, візы мы атрымалі, вось ужо надышоў дзень ад'езду. І мы атрымліваем званок ад працадаўцы, у якім ён кажа, што вакансій у яго больш няма і мы яму як работнікі не патрэбныя. Мы пераглянуліся і вырашылі ўсё роўна ехаць і спрабаваць замацавацца. Тым больш "запрашэнне на працу" яшчэ не было ануляванае.

Карацей, тры валізы, 500 долараў, запрашэнне на працу, на якой нас не чакаюць, — і вось мы ў Польшчы.

— Як вас сустрэла чужая краіна?

— Прыехалі, селі на каранцін, пачалі шукаць працу. Усе грошы аддалі за наёмную кватэру на дзесяць дзён. Працавалі на заводзе, але праз паўтара месяца нас звольнілі. Трапілі пад "скарачэнне". Там свая гісторыя: на ўсім заводзе былі толькі ўкраінцы, а мы адзіныя беларусы. Украінцы хацелі сваіх прывесці на нашы месцы, і мы, відаць, вельмі перашкаджалі. Таму палякі нам сказалі "да пабачэння". З інтэрната нас таксама выселілі. З аднаго пакоя на дваіх.

Вырашылі ехаць у Познань. У маленькай камунальнай кватэры ў цэнтры горада знялі пакой. Я пайшла на працу, на падпрацоўку, таму што нам патрэбныя былі грошы.

— Ніхто не дапамагаў? Беларуская дыяспара?

— Было некалькі цяжкіх момантаў, раскажу пра самыя яркія. У нейкі момант у нас не было грошай наогул і мы звярнуліся па дапамогу ў царкву. Яны проста прывезлі дадому ежы, за што мы вельмі ўдзячныя. Таксама нам вельмі дапамаглі студэнты-беларусы. Дзякуй вялікі ўсім, хто адгукнуўся. Асобнае прывітанне Яўгену Казінскаму. Гэта актывіст беларускай дыяспары ў Познані.

— Ніхто не дапамог з працай?

— Муж мае правы. Ён уладкаваўся на працу ў таксі. Таксама пачаў рассылаць маё рэзюмэ ветэрынарнага лекара ва ўсе клінікі Познані, і мы былі прыемна здзіўленыя, калі мяне запрасілі на сумоўе. Нават нягледзячы на адсутнасць ведання мовы, мне далі шанц працаваць па спецыяльнасці.

— Як выглядалі зносіны на сумоўі?

— Мой муж ужо трохі вучыў польскую мову. Ён актыўны чалавек і з людзьмі камунікуе больш, чым я. Некаторыя фразы ён перакладаў за мяне і дапамагаў у адказах. А я магла сказаць літаральна два-тры словы. Зрэшты, польская мова беларусу трохі зразумелая.

— Вас узялі на працу?

— Так, я прыступіла да працы, a муж тым часам працягваў працаваць у таксі. У клініцы я прапрацавала некалькі месяцаў. Ведаў ветэрынарыі для працы было досыць, аднак моўны бар'ер стаўся непераадольнай перашкодай для працягу працы. Цяпер я працую ў клінінгу. Прыбіраю паверх офіснага будынка, там вельмі спакойна. Восем гадзін працоўны дзень, стабільна два выходныя, і мяне пакуль задавальняе.

— Гэта агульная справа?

— Не, у нас крыху розныя ўяўленні. Кожны з нас займаецца сваімі ідэямі і справамі, але мы ва ўсім дапамагаем адно аднаму. Муж хоча адкрыць ветэрынарную аптэку альбо сетку заакрамаў, ёсць у яго і іншыя ідэі.

— Чаго вам не стае?

— Тут цяжка, напэўна, у фінансавым пытанні. Многія думаюць, што мы грабём грошы лапатай, бо за мяжой, як кажуць, трава зелянейшая. Папраўдзе, хутчэй, нават наадварот. Свой бізнес — гэта немаленькія грошы. Але цяжкасцяў для адкрыцця і вядзення ў бюракратычным сэнсе я не бачу.

Вам усё зробяць, дапамогуць "адкрыцца", у Польшчы мноства фірмаў, якія якраз гэтым і займаюцца. Гэта не Беларусь, як я бачу на прыкладзе маіх бацькоў-прадпрымальнікаў.

Клічам іх пастаянна да нас. Але бацькі — гэта ўсё-ткі не дваццацігадовая моладзь.

— Што вы робіце цяпер? 

— У мужа з'явілася ідэя. Ён заўважыў, што ў сацыяльных сетках беларусы часта задаюць пытанні пра жывёл. Бо ў чужой краіне без ведання мовы часта не атрымліваецца паразумецца з польскім лекарам ці можна натрапіць на нядобрасумленнага спецыяліста, які проста забярэ ў чалавека грошы і не вырашыць праблему.

Ёсць такія захворванні, якія патрабуюць сапраўды сур'ёзнага ўмяшання, і пры іх узнікненні трэба абавязкова звярнуцца да доктара ў стацыянары, а ёсць такія праблемы, як харчовая алергія напрыклад, з якой чалавек можа справіцца самастойна. Калі са мной звязваецца чалавек, я тлумачу, які можа быць дыягназ, што неабходна зрабіць, якія лепш аналізы здаць, якія могуць быць перспектывы, і адказваю таксама на іншыя пытанні. Грошай я за гэта не бяру, гэта абсалютна бясплатныя кансультацыі. Калі хто-небудзь хоча дапамагчы, то мы будзем вельмі ўдзячныя.

— Колькі людзей ужо да вас звярнулася?

— Вой, ну за ўвесь час, напэўна, чалавек 40 звярнулася. Але не ўсе з Польшчы. Мне тэлефанавалі з Германіі, з Англіі, з Чэхіі, з Літвы, з ЗША, з Канады. Шмат каму, магчыма, ужо не патрэбна кансультацыя пасля нашага тэлеграм-канала, бо там мы размяшчаем допісы пра розныя праблемы з жывёламі.

— Дапамога іншым ратуе вас? Сумуеце па Беларусі?

— Цікавая тэма, але ўжо, напэўна, не. Ужо няма нейкага дыскамфорту ў Польшчы. Мову больш-менш мы ведаем. Дзесьці я магу пагаварыць.

Палякі таксама звычайны народ. Такія, як мы, па сутнасці. Усюды ёсць свае нюансы, але ў нас таксама ёсць нюансы. Калі палічыць, напрыклад, колькі я разоў чула, як лаюцца палякі на ўкраінцаў, то гэта было вельмі часта. І я разумею, чаму яны гэта кажуць.

— Вы сочыце за тым, што адбываецца ў Беларусі?

— Вядома, мы сочым. Мы перажываем, мы разумеем, што нічога не скончылася. Змаганне не скончанае. Я не ведаю, як там унутры, цяжка зразумець настроі ўнутры краіны.

Але калі ты эмігруеш, то ты можаш больш цвяроза ацаніць тое, што адбылося. Нейкія ружовыя акуляры, якія ў нас былі, яны хутчэй спадаюць тут. І аналіз сітуацыі адбываецца хутчэй. Я думаю, што хутчэй трэба пачынаць думаць пра тое, што ж рабіць далей, і, можа быць, думаць пра нейкія рашучыя дзеянні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.