"Марфа схуднела на 12 кг": Таццяна Гацура-Яворская — пра палітвязняў у СІЗА

Таццяна Гацура-Яворская / Еўрарадыё
Таццяна Гацура-Яворская / Еўрарадыё

15 красавіка праваабаронцу і арганізатарку выставы пра медыкаў "Машына дыхае, а я — не" Таццяну Гацура-Яворскую адпусцілі з мінскага СІЗА №1. Калі яе выпускалі, то сказалі, што адпала неабходнасць трымаць яе за кратамі.

Таццяна распавяла на сваёй старонцы ў Facebook, як пераносяць турэмнае зняволенне яе суседкі па камеры, палітвязні Юлія Слуцкая ("Прэс-клуб"), Марфа Рабкова ("Вясна"), Антаніна Канавалава (штаб Святланы Ціханоўскай), Анжаліка Борыс (Саюз палякаў).

"Марфа Рабкова — канцэнтрацыя самаахвярнасці і сілы волі. Пасля званка на ўздым у 6 раніцы многія імкнуцца ўрваць 5 хвілін, папесціцца. Маша засяроджана адразу ўстае, засцілае свой ложак па правілах, змяняе вопратку і да 10 вечара ў перапынках паміж шпацырамі, ежай і агульнымі справамі чытае кнігі і піша лісты. У цяперашнюю камеру яна трапіла пасля 25 сакавіка, якое яны адсвяткавалі ўсёй камерай упісваючы бел-чырвоныя кветкі з паперы ў валасы і рапартнуўшы на беларускай.
26 усю камеру расфармавалі. Ні адзін грам цела не дапускае згоды ў абвінавачваннях. І, дарэчы, Маша схуднела прыкладна на 12 кг за свой тэрмін (ёй вельмі падабаецца яе форма цяпер). Дакладна ніхто не ведае — няма вагаў.

Юля Слуцкая. Самая вялікая цяжкасць у камеры — адсутнасць самарэалізацыі. Актыўны чалавек, менеджэр, які не прывык марнаваць час дарма. Наколькі гэта магчыма ў існуючых умовах, працуе хоць бы над сабой — сочыць за харчаваннем, не прапусціла ніводнага дня, каб зрабіць фізічныя практыкаванні на прэс, рукі, ногі, расцяжку, вучыць польскую. Старанна адказвае на лісты, піша асобна падзяку за кожную пасылку.

Тоня Канавалава (працавала ў штабе Ціханоўскай) — неабвешчаны лідар камеры. Калі ў чымсьці сумняваемся, задаем пытанне Тоне, слухаем яе каманды разабрацца з парадкам у рэчах ці агульнай звалкай ежы. А Тоня клапоціцца пра нас — заўсёды пералічыць для раздатчыкаў каму порцыю, каму проста пустая міска, устае раніцай і пачынае кіпяціць ваду ў нашых гуртках. Яна сядзіць з верасня, муж — з кастрычніка, дзеці з бабуляй з'ехалі. У Тоні суд у наступны аўторак.

Маша. Былая студэнтка Акадэміі мастацтваў, затрыманая за ТГ-канал. Прыгожая, худзенькая, прынцыповая. Рэдка усміхаецца, але вельмі шчыра. Прасіла перадаць на волю, што ніхто не зламаны. З Тоняй яны сядзяць разам паўгода і напэўна застануцца сяброўкамі на ўсё жыццё.

Анжаліка Борыс — чалавек, які ўсё прымае з удзячнасцю. Турма — ну значыць буду сядзець, дрэнны абед — ну значыць прапусцім, гучна ці ціха тэлевізар — не важна. Ёй ніхто і нічога не перашкаджаюць, яна нікому не прыносіць найменшых нязручнасцяў. Заўсёды ўсміхаецца, заўсёды ў добрым настроі. Вучыць жадаючых польскаму — "вечарова порцыя гуўна на бт" (прабачце, гэта недакладна, я прапускала ўрокі). На самай справе, яна, праўда, вучыць польскай, пачынаючы з алфавіту. Калі я выходзіла, яны пераходзілі да пабудовы фраз, назапасіўшы слоўнікавы запас".

Самой Таццяне абвінавачанне не прад'явілі. 6 красавіка ў яе дома правялі ператрус, а яе саму затрымалі. 15 красавіка стала вядома, што мужа Таццяны Уладзіміра Яворскага дэпартуюць з Беларусі на 10 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі