“Марціні” ў крамах Беларусі не з’явіцца ў бліжэйшыя паўгода

У Міністэрстве гандлю беларусам радзяць замяніць яго на аналагічныя алкагольныя напоі ўласнай вытворчасці. Як мінімум, да лета ў беларускіх крамах не з'явіцца "Марціні". Кампанія "Мідвэст", якая займалася імпартам элітнага алкаголю ў Беларусь, зноў не выйграла конкурс, які праводзіць Міністэрства гандлю. А іншыя імпарцёры, верагодна, дамовіцца з італьянскімі пастаўшчыкамі не здолелі.

Нагадаем, пасля адмены ў лютым 2008 года вызначаных квотаў, якімі рэгуляваўся імпарт алкагольнай прадукцыі, не радзей, як адзін раз у год, пачалі праводзіцца спецыяльныя конкурсы. Летась яны праводзіліся часцей. Вось што паведамілі Еўрарадыё у Мінгандлю:

"У мінулым годзе 4 разы праводзілі. Гэта залежыць ад рашэння Міжведамаснай камісіі".

Пра тое, якая цяпер сітуацыя ў “Мідвэсце”, распавядае супрацоўнік гэтай кампаніі Вадзім:

"Мы зусім ніякіх імпартных паставак ажыццяўляць не можам, таму што, як кожны можа пабачыць, нас няма ў гэтым спісе...".

У Мінгандлю не бачыць у гэтым ніякай праблемы. Загадчыца Упраўлення арганізацыі спажывецкага рынку харчовых тавараў Любоў Язэпчык радзіць замяніць “Марціні” на аналагічныя алкагольныя вырабы пад іншай назвай, "якія можна лёгка знайсці ў крамах".

Любоў Язэпчык: "У нас ёсць аналагічныя вермуты “Тосці” і “Чынзана”. І напрацоўкі ёсць па "Марціні".

Што гэта за "напрацоўкі", пакуль таямніца (няўжо нейкая кампанія ўсё ж вядзе перамовы?). 

У Мінгандлю ўпэўненыя, што ўсе патрэбы беларускіх спажыўцоў адносна алкагольных напояў задаволеныя і што танная айчынная прадукцыя ніколькі не саступае вядомым замежным брэндам, за якія трэба выкласці часам вельмі шмат грошай. Любоў Язэпчык перакананая, што ў нашай краіне няма праблемаў з забеспячэннем насельніцтва алкагольнай прадукцыяй.

Любоў Язэпчык: "Скаргі ад людзей мы не атрымлівалі. У нас прадстаўлены шырокі выбар і вінаградных він, і гарэлкі, і лікёраў, і вермутаў. Нашы ўласныя прадпрыемствы выпускаюць багаты асартымент алкагольных напояў"...


Фота - naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі