Манахі УПЦ Маскоўскага патрыярхату адмаўляюцца пакідаць Кіева-Пячэрскую лаўру

Зварот мітрапаліта Паўла (Лебедзя), намесніка Свята-Успенскага манастыра УПЦ МП / кадр з відэа
Зварот мітрапаліта Паўла (Лебедзя), намесніка Свята-Успенскага манастыра УПЦ МП / кадр з відэа

Манахі Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) не плануюць высяляцца з Кіева-Пячэрскай лаўры. Пра гэта гаворыцца ў відэазвароце мітрапаліта Паўла (Лебедзя) — намесніка Свята-Успенскага манастыра УПЦ МП, які цяпер займае частку Кіева-Пячэрскай лаўры, перадае hromadske.ua.

Мітрапаліт заявіў, што манахі не будуць высяляцца, бо законы стаяць на абароне чалавека: "Пагражаць, што з намі расправяцца, — гэта не 17-ы год. Сёння ёсць сусветная супольнасць, ёсць нейкая культура".

Мітрапаліт падкрэсліў, што ён не выступае супраць таго, каб у Лаўру прыехала камісія, створаная для пошуку верагодных парушэнняў выкарыстання маёмасці. Таксама Павел заявіў, што УПЦ МП плануе "да апошняга адстойваць свае правы", і заклікаў гэта рабіць сваіх прыхільнікаў.

"Мы не калабаранты, мы грамадзяне сваёй дзяржавы", — заявіў ён.

31 снежня 2022 года скончыўся тэрмін арэнды Успенскага і Трапезнага сабораў, якія займала УПЦ МП на тэрыторыі верхняй лаўры. У студзені іх вярнулі дзяржаве. Ніжняй лаўрай УПЦ МП карыстаецца на падставе бестэрміновай дамовы арэнды. Але дзяржаўная камісія мусіла праверыць правамернасць такога карыстання.

10 сакавіка Нацыянальны запаведнік "Кіева-Пячэрская лаўра" папярэдзіў УПЦ МП, што дамову на бясплатную арэнду скасуюць з 29 сакавіка. Таму манахаў прымушаюць выселіцца. Міністр культуры Украіны Аляксандр Ткачэнка заявіў, што манаскае жыццё ў лаўры не спыніцца, але манахі УПЦ МП мусяць самі вызначыцца, як яны могуць застацца там. Чыноўнік дадаў, што яны самі выдатна ведаюць.

У УПЦ МП сцвярджаюць, што ніякіх законных падставаў для іх высялення няма, і кажуць пра "капрыз чыноўнікаў з Мінкульта".

Дарэчы, падчас ператрусаў, якія СБУ правяла ў Кіева-Пячэрскай лаўры напрыканцы 2022 года, там знайшлі прарасійскую літаратуру і мільёны гатоўкай.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі