Маладыя беларусы перасталі чытаць навіны

Пра гэта мы даведаліся з новага даследавання gemiusAudience. Пра змены ў беларускай інтэрнэт-аўдыторыі Еўрарадыё размаўляе з кіраўніком праекта Gemius Belarus Міхаілам Дарашэвічам.

Еўрарадыё: Як змянілася беларуская інтэрнэт-аўдыторыя за год?

Міхаіл Дарашэвіч: Практычна не павялічылася, мы па-ранейшаму кажам пра 4 мільёны 880 тысяч чалавек. Але змены адбываюцца ўнутры аўдыторыі. І гэта вельмі важна. Стала больш людзей 55-74 гадоў. Калі ў кастрычніку 2013 іх было 8,7%, то ў траўні 2014 стала 10,44%.

За год змянілася штодзённая аўдыторыя і яе актыўнасць. У траўні 2013-га сярэдняя колькасць карыстальнікаў у дзень была 2 мільёны 726 тысяч, у траўні 2014-га іх ужо 3 мільёны 244 тысячы. Фармальна аўдыторыя не павялічылася за год, але актыўнасць выкарыстання інтэрнэту ўзрасла. У сярэднім на паўмільёна штодзённых карыстальнікаў стала больш.

Еўрарадыё: Каго можна прывесці ў прыклад?

Міхаіл Дарашэвіч: У tut.by у мінулым годзе было 569 тысяч у дзень, у гэтым годзе — 739 тысяч. У Анлайнера ў мінулым годзе было 300 тысяч сярэдняй дзённай аўдыторыі, а ў гэтым — 362 тысячы. Вельмі яркі прыклад — Youtube. У мінулым годзе ў іх было 434 тысячы, цяпер — 653 тысячы карыстальнікаў у дзень.

Людзі пачалі больш актыўна спажываць інтэрнэт, хоць цэны не знізіліся. У мінулым годзе Youtube займаў толькі 6-е месца. Па дзённай аўдыторыі ён меншы, чым tut.by, а па месячнай аўдыторыі — большы. Але становіцца ўсё важней глядзець на дзённыя аўдыторыі.

Еўрарадыё: Хто цяпер уваходзіць у топ-10 самых наведвальных беларусамі сайтаў?

Міхаіл Дарашэвіч: У траўні было шмат выхадных. І ў дзясятцы адбыліся некаторыя змены. Традыцыйна некалькі гадоў запар першым быў mail.ru. Цяпер жа яго пацясніў Google, ён на першым месцы. Вконтакте ў красавіку абышоў mail.ru, але цяпер ён зноў на 3-м месцы, а mail.ru на другім. Далей ідуць Яндэкс, Youtube, tut.by, Анлайнер, які абагнаў Аднакласнікаў, Вікіпедыю.

Еўрарадыё: А па дзённых аўдыторыях хто лідар?

Міхаіл Дарашэвіч: Google — 1,673 млн, Вконтакте — 1,6 млн, а вось у mail.ru ўжо менш — 1,15 млн.

Еўрарадыё: Ужо вельмі доўга ў Беларусі праблемы з доступам у Google, гэта неяк паўплывала?

Міхаіл Дарашэвіч: Калі людзі да яго звяртаюцца, гэта ўжо лічыцца, што ім скарысталіся. Ці скарысталіся вынікамі? Гэта пытанне. Але ў канцы мінулага года, калі былі самыя сур'ёзныя праблемы, было заўважна, што актыўнасць выкарыстання Google падае.

Еўрарадыё: А Яндэкс?

Міхаіл Дарашэвіч: Прыкметна, што пазіцыя Яндэкса вырасла.



Еўрарадыё: Пару гадоў таму ў даследаванні нечакана з'явіліся такія сайты, як booking.com і minsktrans.by. Яны прапаноўвалі зручныя сэрвісы, якімі беларусы пачалі карыстацца. А ў гэтым годзе ёсць такія нечаканасці?

Міхаіл Дарашэвіч: У красавіцкіх дадзеных "вылез" eBay. Па памеры аўдыторыі ён як oz.by, але аўдыторыя ў яго вельмі цікавая. Там шмат моладзі з узроўнем даходу менш за 60 даляраў у месяц, гэта стыпендыя. І вялікі працэнт тых, у каго няма даходу. Гэта студэнты і школьнікі, у якіх пакуль няма ўласных грошай, але ім ужо цікавы электронны гандаль. Яны вывучацца, у іх з'явяцца грошы — і яны ўжо гатовыя карыстальнікі электроннага гандлю.

Мы пачалі бачыць сайт Беласрусбанка, які з вясны прасоўвае электронны банкінг. Аўдыторыя ў іх маладая з высокім узроўнем дастатку. І другі сэрвіс — Беларуская чыгунка. Гэта адзін з прыкладаў, што калі ёсць карысны сэрвіс, людзі ім карыстаюцца.

У топ-10 толькі рускамоўная Вікіпедыя, але мы бачым і англамоўную, а беларуская не бачная.

Еўрарадыё: А якія інтарэсы ў людзей 55-74 гадоў?

Міхаіл Дарашэвіч: Па ахопе ў іх на 5-е месца выходзяць Аднакласнікі, а Вконтакте сыходзіць уніз. Гісметэа нечакана перамяшчаецца вышэй, значыць, маладыя менш турбуюцца пра надвор'е. У іх уверх падымаецца сайт msn.com, які з'яўляецца пры адкрыцці браўзера Internet Explorer. У групы 55-74 уверх падымаюцца навінавыя сайты, напрыклад, Камсамолка, ну, пра Хартыю я памаўчу, таму што яна абыходзіць і надвор'е, і Анлайнер.

Еўрарадыё: Ды ладна?

Міхаіл Дарашэвіч: Людзі 55-74 гадоў — гэта 25% іх аўдыторыі. Дарослыя людзі чытаюць навіны. Раней не чыталі навіны людзі 15-24 гадоў, а цяпер 25-34 навін не чытаюць.

Еўрарадыё: А хто ж чытае навіны?

Міхаіл Дарашэвіч: Многія чытаюць навіны толькі з першай старонкі парталаў. А далей не ідуць. Выснова: тут трэба разумець, каго адносіць да навінавых сайтаў. Нехта проста агрэгуе, у кагосьці свой ​​кантэнт, хтосьці сумяшчае, у каго больш сваіх навін, і тут шмат нюансаў.

Але калі на іх глядзець у агульным, то сапраўды, моладзь неактыўная. І калі раней была неактыўнай моладзь 15-24 гадоў, то цяпер і наступнае пакаленне перастала актыўна карыстацца навінамі рэсурсамі.

Як ні парадаксальна, група 15-24 гадоў актыўная на такіх рэсурсах, як БЕЛТА, СБ, Інтэрфакс.

Я б хацеў адзначыць, што 44% беларускай інтэрнэт-аўдыторыі — гэта людзі з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй. Іх інтарэсы — гэта Аднакласнікі, Мамба, Варгеймінг і кінатэатры з карыстальніцкім кантэнтам. Гэта катэгорыя людзей, якая ўспрымае інтэрнэт як сродак забавы і адпачынку. І гэта зразумела, таму што для іх гэта адпачынак пасля цяжкай працы, не звязанай з камп’ютарам. А з іншага боку, гэта выклік для навінавых рэсурсаў, якія арыентуюцца на высокаадукаваную аўдыторыю з высокім узроўнем даходу. І калі падумаць, ці ёсць рэсурсы такога роду для іх? Хутчэй няма. Адзін рэсурс, які мае высокі індэкс адпаведнасці для аўдыторыі з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй, — гэта yandex.by, чыста навінавы агрэгатар.

Еўрарадыё: Як адрозніваюцца інтарэсы мужчын і жанчын?

Міхаіл Дарашэвіч: У Аднакласнікаў больш жаночая аўдыторыя. Самая мужчынская аўдыторыя ў аўтамабільных, спартыўных сайтаў і World of tanks. Лідар тут — сайт dev.by, там 87% мужчын, і яны робяць 94% праглядаў.

У Прэсбола 67% аўдыторыі — мужчыны, але яны робяць 92% праглядаў і праводзяць там 93% часу. Гэта значыць, што жанчыны там аказваюцца выпадкова.

У жанчын уверх ідуць Гісметэа і Relax. Самая жаночая аўдыторыя ў сайтаў, прысвечаных сям'і, медыцыне, кулінарыі і турызму.

Еўрарадыё: А якія ёсць сезонныя сайты?

Міхаіл Дарашэвіч: Кулінарныя і турыстычныя. У турыстычных сайтаў пікі летам і трохі перад зімовымі канікуламі. У кулінарных сайтаў два пікі — жнівень і верасень (гэта закаткі), а другі — снежань: Каляды і Новы год. Студэнцкія сайты, напрыклад, bntu.help. І самыя сезонныя — гэта сайты аб надвор'і. Чым горшае ці няпэўнейшае надвор'е, тым часцей карыстаюцца сайтамі надвор’я.

Еўрарадыё: У рэгіёнах ёсць нейкія асаблівасці?

Міхаіл Дарашэвіч: Напрыклад, калі задаеш горад у Магілёўскай вобласці з больш чым 50 тысячамі насельніцтва, там у топе-10 па ахопе аказваецца bobr.by. Іншы прыклад — Гомель, дзе moyareklama і odsgomel.org маюць вялікі ахоп і індэкс адпаведнасці. Трэці прыклад — Гродна, дзе s13.ru і Гродзенскі форум.


Еўрарадыё: Ну і ў канцы крыху тэхнічнай статыстыкі?

Міхаіл Дарашэвіч: Па-ранейшаму на першым месцы сярод браўзераў Опера — 34,5%, але Хром дыхае ў спіну — 31%, Фаерфокс трэці, далей Яндэкс-браўзер з 5%, Опера-міні — 2%, Хром-mobile — 1,5%.

Па аперацыйных сістэмах лідар Windows7 і паволі працягвае расці. Гэта не самая выдатная характарыстыка. XP — 58%, Андроід расце, ён на трэцім месцы з 6%. Не мяняецца Windows8 — 3%, ледзь-ледзь расце Windows8.1 — 2,19%.

З чаго мы робім выснову, што зусім новых камп’ютараў не так шмат. Людзі аддаюць перавагу старой праверанай Windows7. IOS і MacOS — 1,7% і 0,5%. Але ў кавярнях ва ўсіх будзе на вечку надгрызены яблык. Ці то яны ўсталявалі Windows, ці то не карыстаюцца беларускімі рэсурсамі.

Еўрарадыё: Які працэнт мабільнага трафіку?

Міхаіл Дарашэвіч: Мабільны трафік — 6,5%. У многіх сайтаў ён можа быць большы за 20 працэнтаў, але ён расце не так, як хацелася б. Калі ў нас 6,5%, то, напрыклад, у Даніі 45% мабільнага трафіку. Там звычайны трафік вось-вось сыдзецца з мабільным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі