Маладая мастачка прэзентавала ў Гомелі праект Nevskih_school (фота)

23 лютага ў Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Герцэна адбылася прэзентацыя адукацыйнага праекта Nevskih_school. Яго аўтар — маладая мастачка і выкладчыца выяўленчага мастацтва Кацярына Неўскіх. Сутнасць праекта — правядзенне заняткаў у форме воркшопаў, інтэнсіў-курсаў, а таксама праца на гатовы вынік падчас абмежаванага па часе занятку.

Навучанне ў Nevskih_school разлічана на розныя ўзросты і ўзроўні падрыхтоўкі. Праект будзе цікавы тым, хто хоча атрымаць канкрэтныя веды і навыкі ў пэўным накірунку — колер, жывапіс, праца з графічным матэрыялам і г. д., а не траціць шмат часу на звычайныя студыі і школы.

У межах прэзентацыі адбылося адкрыццё выставы Impression print. Гэта работы самой Кацярыны і яе выхаванцаў — вучняў Дзіцячай школы мастацтва № 4 ва ўзросце 6-8 гадоў. Малюнкі выкананыя ў тэхніцы манатыпія, якая прадугледжвае адбіткі фарбаў, папярэдне нанесеных на якую-небудзь паверхню. На выставе прадстаўлена пераважна алейная манатыпія, зробленая са шкла ці пластыка. Паспрабаваць сябе ў гэтай нескладанай тэхніцы мог любы ахвочы: Кацярына Неўскіх дала майстар-клас па манатыпіі з пластыкавых пласцін.

Прэзентацыя адукацыйнага праекта суправаджалася імправізацыйным выступам квартэта гомельскіх музыкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі