Макей — пра канфрантацыю ў Керчанскім праліве: Мы на сабе адчуваем яе наступствы

Макей — пра канфрантацыю ў Керчанскім праліве: Мы на сабе адчуваем яе наступствы

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей упершыню пракаментаваў здарэнне ў Керчанскім праліве, дзе расіянамі былі захопленыя ўкраінскія караблі з маракамі. "Як мы ўспрымаем гэта? — цытуе словы Макея БЕЛТА. — Мы знаходзімся зусім побач. І мы і апасродкавана, і непасрэдна адчуваем на сабе наступствы гэтай канфрантацыі".

Міністр нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка неаднаразова папярэджваў пра небяспеку вялікага канфлікту. Па словах Уладзіміра Макея, афіцыйны Мінск спадзяецца, што Украіна і Расія не зробяць "ніякіх крокаў, якія прывялі б да далейшага ўзрастання напружанасці ў нашым рэгіёне". Гэтая сітуацыя можа паўплываць і на міжнародную бяспеку ўвогуле, лічыць ён. Як вядома, падзеі ў Керчанскім праліве вывучаюць ЗША і Еўрасаюз. Макей спадзяецца, што ад "знешніх гульцоў" не будзе эмацыйных заяваў, якія толькі б ускладнілі сітуацыю.

Улады Беларусі, кажа міністр, адсочваюць заявы Масквы і Кіева, але "прамых кантактаў не было". Стаіць задача атрымання аб'ектыўнай інфармацыі, "каб мець свой рэальны аналіз сітуацыі". Беларусь па-ранейшаму гатова дапамагчы ўрэгуляванню ўкраінска-расійскіх дачыненняў.

Дарэчы, МЗС выпрацуе рэкамендацыі для беларускіх грамадзян у сувязі з увядзеннем ва Украіне ваеннага становішча.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі