Макей: Ніхто не спрачаецца, што Лукашэнка выйграў выбары
Уладзімір Макей / РБК
Міністр замежных спраў лічыць, што цяпер спрэчкі вядуцца вакол лічбы, якую агучыла ЦВК.
"Сёння ніхто не спрачаецца, што Аляксандр Лукашэнка выйграў выбары. Гаворка ідзе пра тое, ці тая гэта лічба ці не тая гэта лічба. Але факт застаецца фактам — Аляксандр Лукашэнка перамог і абраны прэзідэнтам Беларусі", — заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у праграме" Пытанне нумар адзін" на дзяржТБ, адказваючы на пытанне аб адносінах з Украінай, якая пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года паставіла адносіны з Беларуссю на паўзу.
Па словах Макея, для Беларусі "абсалютна непрымальна, калі нейкія асобы звонку, грунтуючыся на заявах вось гэтых вось збеглых, пераносяць гэта на практычную сферу ўзаемаадносін з Беларуссю":
"Пасол Украіны пастаянна піша мне эсэмэскі, што той ці іншы беларускі тэлеканал неяк вельмі жорстка падаў інфармацыю пра Украіну. Маўляў, такога не павінна быць, гэта недапушчальна ў адносінах паміж дзвюма дзяржавамі і гэтак далей. Але на самой справе я разумею вас — журналістаў. Калі ўкраінскія тэлеканалы, сродкі масавай інфармацыі робяць абсалютна неабгрунтаваныя, жорсткія заявы па Беларусі, якія мяжуюць практычна з абразай, то рана ці позна, напэўна, ім давядзецца нарвацца на такі ж адэкватны адказ".
Выказаўся кіраўнік МЗС і пра заяву ўкраінскага боку аб пераносе з Беларусі ў Польшчу перамоваў па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе — гэтая прапанова для яго "смехатворная":
"Ха-ха-ха тры разы. [...] Больш "нейтральнай" краіны, чым Польшча, напэўна, ва ўсім свеце не адшукаць. Мы не ганяліся за лаўрамі міратворца. Нас папрасілі аказаць садзейнічанне ва ўрэгуляванні крызісу на ўсходзе Украіны, і мы добрасумленна пастараліся выканаць гэтую просьбу".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.