Макей: Дэпутаты ўжо на гэтым тыдні звернуцца да пытання Абхазіі і Асеціі

Беларускі парламент ужо на гэтым тыдні збіраецца вырашыць, ці будзе ўвогуле ўключаць у праграму работы пытанне аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Пра гэта ў кулуарах XII Мінскага форума, што 4 лістапада адкрыўся ў "Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау", паведаміў Еўрарадыё кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Ўладзімір Макей: Уладзімір Макей: "Здаецца, на гэтым тыдні там збіраюцца прыняць рашэнне пра тое, што пытанне аб празнанні Паўднёвай Асеціі і Абхазіі будзе ўключанае ў праграму работы парламента".

Паводле слоў спадара Макея, пытанне аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі будзе вырашана падчас своеасаблівага плебісцыту. Дэпутаты накіруюцца ў свае выбарчыя акругі, каб даведацца на меркаванне сваіх выбаршчыкаў:

Уладзімір Макей: "Я думаю, што дэпутаты паедуць у свае рэгіёны, каб вывучыць сітуацыю на месцах, выслухаць розныя пункты гледжання. Таму што пытанне вельмі сур'ёзнае, важнае. І беларусы па-рознаму ставяцца да яго. І, мяркуючы па апытаннях грамадскай думкі, якія існуюць, досыць неадназначна яго ацэньваюць".

Такім чынам, Палата прадстаўнікоў беларускага парламента быццам бы зрушыцца ў бок абмеркавання нязручнага пытання. Але само абмеркаванне прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асетыі можа расцягнуцца на нявызначаны тэрмін.

Фота:
"БелаПАН"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі