Вы тут

Макей абвінаваціў супрацоўнікаў ААН у фінансаванні беларускіх пратэстаў

Уладзімір Макей / Еўрарадыё

Прадстаўнікі ААН у Беларусі датычныя да фінансавання беларускіх пратэстаў. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1" па выніках па выніках сустрэчы з кіраўніком ААН Антоніу Гутэрышам.

Па словах Макея, ён быў вымушаны абазначыць на сустрэчы з генеральным сакратаром ААН шэраг праблем, якія з'явіліся ў адносінах Беларусі з гэтай арганізацыяй.

"Мы пазначылі недапушчальнасць выкарыстання асобных структур ААН для дэманізацыі Беларусі, дыскрэдытацыі Беларусі па абсалютна надуманых палітызаваных матывах", — сказаў Макей.

Як паведаміў кіраўнік МЗС, Гутэрыш "нават не ведаў некаторых момантаў, і трэба разумець, што асобныя яго памочнікі, а гэтыя памочнікі, як нам вядома, з'яўляюцца прадстаўнікамі краін — членаў Еўрапейскага саюза, за яго спіной робяць шэраг, скажам, непрывабных рэчаў".

Макей заявіў, што Беларусь гатовая агалосіць факты пра тое, як некаторыя прадстаўнікі ААН у Беларусі скарысталі фінансавыя сродкі арганізацыі, якія выдзяляюцца для людзей з інваліднасцю, на падтрымку ўдзельнікаў пратэстных акцый. Адпаведнае папярэджанне атрымаў кіраўнік ААН.

Як паведамляла Еўрарадыё, на сустрэчы з генеральным сакратаром ААН Макей заявіў, што Беларусь ілжыва абвінавачваюць у крызісе з мігрантамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.