Макаеў: Я мару, каб прадпрымальнікі стварылі сваю “плошчу Каліноўскага”

Сёння на волю выйшаў адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандр Макаеў. 12 студзеня ён быў асуджаны да адміністрацыйнага арышту на 15 сутак.
Прадпрымальніка абвінавацілі ў дробным хуліганстве, нібыта ён лаяўся матам. Адразу пасля рашэння суда Макаеў абвясціў галадоўку ў знак пратэсту супраць несправядлівага, на яго погляд, прысуду.

У інтэрв’ю Еўрарадыё Аляксандр Макаеў зазначыў, што збіраецца апратэставаць рашэнне суда. Таксама ён распавёў пра ўмовы ўтрымання ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на вуліцы Акрэсціна.

Паводле яго слоў, уначы ў камерах вельмі халодна. Перадаваць спальнікі ці коўдры забараняецца. Таму ў многіх асуджаных быў насмарк і тэмпература.

Аляксандр Макаеў: “Калі ўначы мароз, то ў камеры бывае асабліва халодна. Людзі мерзнуць, можна схапіць прастуду, можа падняцца тэмпература, пачацца насмарк. Я таксама захварэў на другі дзень. Выратавала галоўка часнаку”.

Па словах прадпрымальніка, “бытавікі”, якія сядзелі з ім, скардзіліся, што ўмовы на Акрэсціна горшыя, чым на Валадарскага.

Цяпер Аляксандр Макаеў плануе актыўна працягваць барацьбу за правы прадпрымальнікаў. Ужо ў панядзелак ён збіраецца правесці нараду сярод прадпрымальнікаў, на якой будуць абмеркаваныя далейшыя планы.

Аляксандр Макаеў: “Турма ж не можа зламіць нармальнага чалавека. Для нас найперш салідарнасць прадпрымальнікаў. Самае галоўнае — гэта масавыя выступы. Я ўвогуле марыў, каб прадпрымальнікі стварылі сваю “плошчу Каліноўскага”, каб паставілі намёты і заставаліся на плошчы. Каб у нас гэта атрымалася, то было б вельмі добра”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі