Вы тут

Махляры "штрафавалі" грамадзян за прагляд порна — пацярпелі 12 чалавек

На кампутары пацярпелых прыходзіла паведамленне, што дэвайс заблакаваны​ / pixabay.com

12 чалавек паспелі "аштрафаваць" ад імя міліцыі трое грамадзян, двум з якіх ужо прад'яўлена абвінавачванне ў махлярстве. Трэцяга шукаюць.

Людзям прыходзілі паведамленні ад імя МУС Беларусі, што іх кампутар заблакаваны за нібыта прагляд матэрыялаў парнаграфічнага зместу, а таксама з патрабаваннем аплаціць штраф, распавялі ва ўпраўленні Следчага каміета па Гродзенскай вобласці.

Пацярпелым прыходзілі паведамленні з прапановай заплаціць штраф / sk.gov.by

"Штрафы" паступалі на рахункі абаненцкіх нумароў сотавых аператараў. Затым сродкі перакідваліся на іншыя рахункі, у тым ліку ў выглядзе крыптавалюты, пасля чаго саўдзельнікі дзялілі грошы. Гэтыя рахункі кантралявалі затрыманыя 20-гадовы жыхар Гродна і 22-гадовы хлопец з Брэста. Дзейнічалі яны са студзеня па люты 2020 года.

"Агульны матэрыяльны ўрон па справе склаў больш за 5000 рублёў", — распавялі ў СК.

Матэрыяльны ўрон пацярпелым фігуранты ўжо кампенсавалі. Расследаванне па справе завершана, матэрыялы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.