Магілёўскі журналіст Алесь Буракоў падаў скаргу ў Вярхоўны суд

Акрамя таго ён патрабуе вынесці ў адрас раённага, гарадскога і абласнога суддзяў, якія разглядалі яго справу, прыватнае вызначэнне за прыняцце, на яго думку, загадзя непадсудных пастаноў. Асаобнае вызначэнне Алесь Буракоў просіць вынесці таксама і ў адрас пракуратуры Магілёва і Ленінскага РАУСа за дапушчаныя парушэнні.

Журналіст лічыць, што судовыя пастановы былі вынесеныя з грубымі парушэннямі нормаў матэрыяльнага і працэсуальнага права, з’яўляюцца аднабаковымі і неаб’ектыўнымі, а выкладзеныя ў іх факты і высновы не адпавядаюць рэчаіснасці і таму гэтыя пастановы падлягаюць адмене па шэрагу падстаў.

 Алесь Буракоў адзначае, што напісаная ім і праваабаронцамі скарга на 26 старонках тэксту з’яўляецца выдатным абгрунтаваннем яго невінаватасці.

 “Я называю гэтую скаргу стратэгічнай, бо над ёй працаваў не толькі я адзін, але цэлая група юрыстаў. Хачу сказаць, што гэта найлепшая праца з усіх папярэдніх скаргаў. Я лічу, што там выдатна распісаная ўся дакументацыя. Калі ў Вярхоўным судзе юрысты будуць трымацца прынцыпу, што ўсё павінна быць у адпаведнасці з законам, то тады Вярхоўны суд мусіць адмяніць пастановы ніжэйшых судоў”, — кажа Алесь Буракоў.

Праваабаронца Барыс Бухель, які дапамагаў пісаць скаргу, лічыць, што справа Буракова з’яўляецца выключна палітычнай, таму нельга разлічваць на тое, што Вярхоўны суд заступіцца за журналіста:

“Самым першым і галоўным парушэннем з боку суддзяў было тое, што адміністратыўнае заканадаўства не прадугледжвае адказнасці журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ і за дзейнасць без акрэдытацыі. У дадзеным выпадку была прымененая аналогія закона, аднак гэта незаконна, бо аналогія закона ў выпадках прыцягнення да адказнасці не павінна прымяняцца. Гэта прадугледжана ў законе аб нарматыўна-прававых актах. Там дакладна прапісана, што нельга прымяняць аналогію закона, калі размова ідзе пра прыцягненне да адказнасці”.

Барыс Бухель адзначае, што парушэнне ў працы журналіста было, але лічыць яго правапарушэннем няма ніякіх падстаў.

Нагадаем, што 8 кастрычніка 2014 года суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў Алеся Буракова вінаватым па адміністратыўным артыкуле за незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі, а менавіта матэрыялу, які быў размешчаны 25 жніўня 2014 года на сайце нямецкага радыё “Deutsche Welle”. За гэта яго аштрафавалі на 6 мільёнаў рублёў.

Фота: gazetanm.eu

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі