Магілёўскай філіі БНФ не далі памяшкання для юрыдычнага адрасу

Магілёўскай арганізацыі партыі БНФ адмовілі ў выдзяленні памяшкання для юрыдычнага адрасу. Цікава, што ЖЭУ-5 і ЖРЭУ Ленінскага раёна далі згоду, але такое рашэнне не падтрымаў гарвыканкам.
Пра гэта ў размове з карэспандэнтам Еўрарадыё распавёў кіраўнік магілёўскай арганізацыі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

"Пасля змены кіраўніцтва ў ЖЭУ-5 і ЖРЭУ Ленінскага раёна, новае кіраўніцтва пагадзілася выдзеліць офіс для рэгістрацыі БНФ і перарэгістрацыі грамадскага аб'яднання "БНФ" Адраджэнне". Станоўчае рашэнне было прынятае і ў ЖРЭУ і ЖЭУ. Але гарвыканкам гэтае рашэнне не падтрымаў".

Камісія абгрунтавала сваё рашэнне, тым што ў будынку "Дома быту" па вуліцы Цыялкоўскага павінны знаходзіцца арганізацыі, якія аказваюць паслугі насельніцтву. Таму Партыя БНФ не можа атрымаць юрыдычны адрас там і рэгістрацыю ў Магілёве. Нягледзячы на гэта, па словах сп. Кастусёва ў "Доме быту” пустуюць сотні квадратных метраў памяшканняў ужо некалькі год.

З офісам грамадскага аб’яднання "БНФ "Адраджэнне" сітуацыя яшчэ больш цікавая. Юрыдычна ён знаходзіцца ў тым жа доме па вуліцы Цыялкоўскага, але дамова арэнды з "БНФ "Адраджэнне" не працягнутая ўжо 2 гады. Атрымоўваецца, што юрыдычнага адрасу няма, але рэгістрацыі грамадскага аб'яднання так і не скасавалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі