Льюіс Хэмілтан выйграў Гран-пры ЗША па "Формуле-1"

Брытанскі гоншчык "Формулы-1" Льюіс Хэмілтан выйграў Гран-пры ЗША. На фінішы ён на 10 секунд апярэдзіў свайго асноўнага канкурэнта ў сезоне 2017 — немца Себасцьяна Фетля, які выступае за Ferrari.

На трэцюю прыступку подыюму ўзняўся фінскі гоншчык Кімі Райканен. Хаця яго і абагнаў Макс Ферстапен з "Red Bull", але пасля яго аштрафавалі за абгон з парушэннем.

Для Хэмілтана гэта пяты пераможны Гран-пры ЗША, па гэтым паказчыку ён зраўняўся з Міхаэлем Шумахерам. Каманда Mercedes, за якую выступае Хэмілтан, ужо абвешчаная пераможцам Кубка канструктараў.

Хэмілтан захоўвае лідарства ў асабістым заліку, набраўшы 331 бал. Фетль, які займае другое месца, мае ўсяго 265 ачкоў. На трэцім радку ідзе фін Валтары Ботас (Mercedes) — 244 ачкі.

Да канца сезона засталося ўсяго тры гран-пры: у Мексіцы, Бразіліі і Абу-Дабі.