“Ляпіс Трубецкі” прэзентаваў новы кліп толькі у ЖЖ

Сусветная прэм’ера новага кліпа “Залатая Антылопа”, які зняў рэжысёр Зміцер Акладнікаў, стартавала сёння ў рускамоўнай частцы LiveJournal.com (ЖЖ). Кліп змогуць паглядзець усе жадаючыя з 12 па 19 лютага па адрасе: http://community.livejournal.com/afisha_lj/ Кліп на песню “Залатая Антылопа” – своеасаблівы працяг “Капіталу”. Гэта вельмі насычаная праца. За 3,5 хвіліны перад гледачом праносіцца некалькі сотняў розных сімвалаў, таму нават для таго, каб скласці першаснае ўражанне, кліп варта паглядзець не адзін раз. 

“Мне вельмі падабаецца, што ў візуальным і ідэалагічным плане гэты кліп як бы працягвае “Капітал”, – кажа Сяргей Міхалок. – Пры гэтым ён прысвечаны не палітыцы, якая ўжо вельмі надакучыла, а больш глабальнай тэме – прыродзе чалавека і механізмам чалавечага грамадства, якое цяпер з галавой пагружана ў адносіны куплі-продажу”.
 
Адзначым, што кліп пакуль што можна паглядзець толькі ў рускамоўным LiveJournal.com.
 
“Прэзентацыя ў ЖЖ адбываецца таму, што была прапанова ад кампаніі “СУП”, якая валодае рускамоўным сегментам ЖЖ. Яны мелі цікавасць да таго, каб зрабіць нешта супольнае, бо ўбачылі, што гэта можа быць цікава для рускамоўных карыстальнікаў ЖЖ”, – патлумачыў Еўрарадыё Зміцер Бескаравайны. Таксама ён дадаў, што гэтая ўзаемавыгодная прапанова, бо рускамоўны ЖЖ – гэта шматмільённая аўдыторыя, і лепшага піяру для кліпа прыдумаць было б складана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі