Лябедзьку і актывістаў АГП, затрыманых у Крупках, адпусцілі без пратаколаў

Лябедзьку і актывістаў АГП, затрыманых у Крупках, адпусцілі без пратаколаў

Анатоля Лябедзьку і двух актывістаў АГП Дзяніса Красочку і Генадзя Верацінскага, затрыманых у Крупках, адпусцілі з міліцыі без складання пратаколаў. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў сам лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

Як інфармавала Еўрарадыё, актывісты апазіцыйнай партыі прыехалі ў Крупкі 2 чэрвеня. Яны завіталі ў райвыканкам і перадалі чыноўнікам прапанову правесці круглы стол на тэму стварэння новых працоўных месцаў. На выхадзе з райвыканкама іх затрымалі міліцыянты і прапанавалі праехаць у будынак РАУС.

Актывістаў вінавацілі ў раздачы інфармацыйных матэрыялаў. Перад паходам у выканкам яны зайшлі на мясцовы рынак і раздалі ўлёткі з партыйнай платформай для прадпрымальнікаў.

Таксама актывісты зайшлі ў суд, каб выказаць салідарнасць з прадпрымальнікам, якога сёння мусілі судзіць. Аданк у судзе ім сказалі, што працэс ужо скончыўся.

У пастарунку Лябедзька, Красочка і Верацінскі прабылі каля паўтары гадзіны і адпусцілі без пратаколаў. Лідар АГП не выключае, што адміністрацыйныя пратаколы на іх могуць скласці пазней без саміх апазіцыянераў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі