Лябедзька: Пасля 17 гадоў вайны мы маем усе правы на перамір’е

Еўрарадыё: Сёння па ініцыятыве АГП збіралася дэмакратычная супольнасць, каб абмеркаваць заяву Лукашэнкі. На сустрэчу не запрасілі журналістаў, чаму?

Лябедзька: Асабліва я прыхільнік празрыстасці, адкрытасці, але, паколькі гэта не было ўзгоднена з калегамі, то вырашылі, хай лепш гэта будзе сустрэча і нейкія вынікі, якімі мы можам падзяліцца з журналістамі.

Еўрарадыё: Вынікі ўжо ёсць. І вы можаце імі падзяліцца?

Лябедзька: Мы вырашылі з нагоды заявы Лукашэнкі зрабіць сваю заяву. Мы зафіксавалі наступнае:

Па-першае, мы прыхільнікі прамых перамоваў паміж апазіцыяй і ўладай з яснай павесткай, парадкам дня і ў прывязку да часу. У аснову гэтай павесткі дня можа быць пакладзены тэзісы той супольнай заявы, якую рабіла апазіцыя некаторы час таму, якія тычацца выбарчай кампаніі, палітычных рэформаў і г.д.

Па-другое, перадумовай перамоўнага працэсу з’яўляецца вызваленне палітвязняў.

Па-трэцяе, калі іншыя структуры палітычныя і грамадскія падзяляюць такі падыход, то мы гэта вітаем.

І чацвёртае, што тычыцца самой заявы Лукашэнкі пра круглы стол, калі мы атрымаем дадатковую інфармацыю, зместам якой з’яўляюцца мэты і задачы гэтага круглага стала, парадак дня, удзельнікі, то толькі тады мы і зможам выказаць свае адносіны да гэтай ініцыятывы.

Еўрарадыё: Хто ўдзельнічаў у гэтым абмеркаванні?

Лябедзька: АГП, БНФ, “Справядлівы свет”, Рух “За Свабоду”, кампанія “Гавары праўду” і БХД. Былі лідары гэтых структур, арганізацый.

Еўрарадыё: Ці не баіцеся вы, што Лукашэнка проста выкарыстае апазіцыю з мэтай, каб напрыклад атрымаць крэдыты ад МВФ?

Лябедзька: Каб гэтага не адбылося, мы ініцыявалі гэтую сустрэчу. Мы зафіксавалі вельмі выразна, які фармат камунікацыі і ўзаемадзеяння мы прапаноўваем. Гэта прамыя перамовы. Гэта не нейкі шырокі дыялог, які быў у 2000 годзе, і сёння ніхто не памятае ні яго ўдзельнікаў, ні парадку дня.

Еўрарадыё: Калі круглы стол адбудзецца, якіх вы чакаеце вынікаў?

Лябедзька: Мы ніякіх вынікаў не чакаем, бо мы не ведаем, што такое «круглы стол» у разуменні Аляксандра Лукашэнкі. Тое, што агучыў Лукашэнка, гэта не ёсць падстава для сур’ёзнай размовы і абмеркавання.

Еўрарадыё: Сёння палітвязень Саннікаў паведаміў сваёй жонцы пра тое, што з Лукашэнкам магчымыя перамовы, калі ён будзе перадаваць уладу. Лідар КХП-БНФ Зянон Пазняк у нашым эфіры сказаў, што тыя, хто сядзе за стол перамоваў з Лукашэнкам – гэта палітычныя прастытуткі. Што б вы адказалі Саннікаву і Пазняку?

Лябедзька: Калі б заўтра на волю выйшлі ўсе палітвязні, як перадумова перамоўнага працэсу, то я ўжо гатовы ўдзельнічаць у гэтым перамоўным працэсе, бо ёсць вынік – людзі на волі. Па-другое, не трэба перабольшваць нашы сённяшняя магчымасці. Лукашэнка ужо не можа паказваць кукіш прыхільнікам пераменаў у кішэні, але і прыхільнікі пераменаў і апазіцыі яшчэ не такія моцныя, каб ігнараваць уладу. Калі мы думаем стратэгічна пра Беларусь, як краіну, то трэба думаць і пра перамовы. Пасля 17 гадоў вайны мы маем усе правы не нейкае перамір’е і прыняццё тых рашэнняў, якія даюць Беларусі магчымасць заставацца незалежнай краінай з выразным дрэйфам на еўрапейскія каштоўнасці. Я ўсе ж палітык, а не рэвалюцыянер.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі