Вы тут

Лукашэнка здрадзіў "любімай": галоўнае з вялікага інтэрв'ю Уладзіміра Беражкова

Уладзімір Беражкоў​

Былы спартыўны дырэктар Федэрацыі хакея Беларусі і былы галоўны рэдактар "Прессбола" Уладзімір Беражкоў стаў госцем ютуб-канала "жизнь-малина". У інтэрв'ю ён выказаўся пра смерць Рамана Бандарэнкі, падзяліўся сваім меркаваннем пра кіраўніка федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава, а таксама заявіў пра здраду любімай Аляксандрам Лукашэнкам.

Пра смерць Рамана Бандарэнкі

У мяне ўнутры ўсё апусцілася. Як быццам наступіла нейкая вялікая-вялікая бяда. Я, уласна кажучы, ужо напярэдадні прадчуваў, што будзе нейкая бяда. Нешта вісела ў паветры вельмі непрыемнае, трывожнае. Як, уласна, усё гэта вісіць пачынаючы з 9 жніўня. Многія перажываюць, страцілі сон. Усё, што адбываецца, не можа пакінуць абыякавым. Калі ўжо непасрэдна даведаўся пра тое, што адбылося, зразумеў, што трэба нешта сказаць з гэтай нагоды. Я, вядома, не здагадваўся пра нейкія абставіны — як гэта магло адбыцца, але гэта было жудасна. Гэта яшчэ адна ахвяра. Чарговая. І колькі іх яшчэ будзе — незразумела.

Пра Дзмітрыя Баскава

Ну, у гэта лёгка паверыць [ва ўдзел у гісторыі са збіццём Бандарэнкі. — Еўрарадыё]. Пра гэта ў першую чаргу сведчыць апублікаваны аўдыязапіс і апублікаваныя матэрыялы з камер відэаназірання. Але я проста ведаю Дзіму добра. Як мне здаецца. Можа, я яго кепска ведаю. Але мне здаецца, што я яго добра ведаю. Думаю, што ён, натуральна, не ўсведамляючы, што можа адбыцца, не думаючы пра наступствы, — ён мог там быць.

Я яго яшчэ памятаю пацаном. Ён быў у юнацкай зборнай. Мы выязджалі з ім на турнір. Я быў кіраўніком дэлегацыі. Яму тады было гадоў 15-16. Ведаў яго як хакеіста, натуральна. Потым я ведаў яго як дырэктара школы "Дынама", калі я працаваў генеральным менеджарам "Дынама". Тады мы з ім шчыльна ўзаемадзейнічалі.

Ён сябар майго сябра. Я лічу яго сваім прыяцелем, стаўлюся да яго вельмі добра. Я разумею рэакцыю, якую могуць выклікаць мае словы ў соцыуму. Але я магу зусім цвёрда сказаць, што я вельмі добра стаўлюся да Дзмітрыя Юр'евіча Баскава. Ён добры чалавек. Ён добры бацька. Ён адданы хакею і не толькі хакею. Ён адданы ўсяму на свеце, у тым ліку сваім памылковым поглядам. У нас з ім розныя палітычныя платформы, розны бэкграўнд, розныя гісторыі, розныя прадметы пакланення. Аднак я вельмі паважаю яго погляды і яго менталітэт.

Ён, па сутнасці, вырас у сям'і. Усім вядома, што ён — трэнер Мікалая Лукашэнкі. Зразумела, што хлопчык да яго прывязаўся. Ён добры бацька, ён добры чалавек. Ён гэтаксама, напэўна, ставіўся і да Колі і ставіцца цяпер. Не скажу, як да свайго сына, але, прынамсі, як да вельмі блізкага чалавека. Я яго добра разумею. Ён можа ўспрымаць і самога Аляксандра Рыгоравіча як свайго бацьку. Зразумела, што ён яму адданы нягледзячы ні на што. Ён для яго наогул фігура сакральная. Для мяне ён, наш прэзідэнт, — проста менеджар найвышэйшага звяна. Я да яго стаўлюся як да нанятага народам чалавека.

А Дзмітрый Юр'евіч (і не толькі ён) шчыра лічыць, што калі б не прэзідэнт, то ў нас бы рухнула ўсё. Мы б далей не жылі, камяні ўпалі з неба, і зямля раскалолася б. Вось такая вера ў яго.

Пра Аляксандра Лукашэнку

Сёння гляджу далей. А хто замест Лукашэнкі? Хто мацнейшы за яго? Што павінна адбыцца, калі сёння пераможа рэвалюцыя? Хто сёння прыйдзе замест Лукашэнкі? Дапусцім, прыйдзе слабы палітык. Які праз год ці два дапусціць расчараванне ў рэвалюцыі, дапусціць тое, што адбылося з усімі намі на пачатку 90-х. Наступіла расчараванне ў рэвалюцыі. Што павінна адбыцца, каб не наступіла гэта расчараванне яшчэ раз? Так, як ва Украіне, — ужо трэці Майдан. Хто павінен прыйсці, каб не наступіла гэта расчараванне? Таму што калі глядзець далей, то я ўсведамляю, што павінен прыйсці моцны палітык. Той, які паставіць усё на месца. Хто такі моцны палітык? Я пакуль яго не бачу. Хто аддасць 40 мільярдаў долараў даўгоў, каб мы не сталі губерняй Расіі?

Я яшчэ раз кажу: я катэгарычна супраць рэпрэсій. Мая эмпатыя зусім відавочная па гэтым пытанні. Я не магу змірыцца з тым, як гвалтуюць людзей, як гвалтуюць "любімую". Калі "любімую" гвалтуюць, то значыць, што "любімы" сыходзіць. Тут невядома, хто каму здрадзіў. Хоць кажуць сёння, што гэтыя здраднікі або гэтыя здраднікі. Адмарозкі, дэбілы, пацукі і як іх толькі не называюць. Цяпер вылезла вельмі шмат нядобрых слоў. Але ў першую чаргу я лічу, што Лукашэнка здрадзіў "любімай". Я не разумею, як ён гэта дапусціў. Як на 27-м годзе кіравання ён мог дапусціць такую сітуацыю? Як можна рабіць усю стаўку на сілавікоў? Як можна было атачыць сябе такой слабай інтэлектуальнай элітай? Такога слабага атачэння я не памятаю ў Лукашэнкі. Я так разумею, што ён зрабіў стаўку на тых, хто абсалютна адданы.

Але, мяркуючы па ўсім, як прадэкларавана, што сёння асноўным крытэрам прафесіяналізму з'яўляецца лаяльнасць, гэта значыць адданасць. Я так разумею, адданасць уладзе. Натуральна, нічога добрага ад гэтага чакаць нельга. І ў гэтым выпадку адказ на гэта пытанне зусім відавочны. Так, Баскаў не проста максімальна лаяльны, ён максімальна адданы. Сёння недастаткова быць лаяльным.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.