Лукашэнка забараняе чыноўнікам красці ў дзяржавы

Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 31 ліпеня на нарадзе аб удасканаленні заканадаўства па барацьбе з карупцыяй, перадае БЕЛТА. Кіраўнік Беларусі прызнаў, што беларускія чыноўнікі зарабляюць менш за сваіх калег у некаторых іншых краінах. Але ніхто з іх не жабруе, падкрэсліў ён. Тыя, хто хоча зарабляць "хуткія, шалёныя грошы", мусяць ісці ў іншую сферу, заявіў Лукашэнка.

"Я патрабую аднаго — не крадзіце ў дзяржавы. Калі вы будзеце абдзіраць уласны народ, літасці не чакайце", — папярэдзіў Лукашэнка. Таксама, па яго словах, трэба падумаць, ці варта дазваляць чыноўнікам, каб іх сваякі займаліся бізнесам наогул.

Таксама Лукашэнка зазначыў, што ні перад чым не спыніцца ў барацьбе з карупцыяй, у тым ліку сярод службовых асоб высокага ўзроўню: "Я ні перад чым не спынюся. Няхай мяне лепш застрэляць ці павесяць, чым я тут адступлю". Па словах кіраўніка дзяржавы, калі эфектыўна не змагацца з карупцыяй, то на пэўным этапе цяперашняя ўлада стане непрымальная для народа, як гэта адбылося да першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Фота — БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі