Вы тут

Лукашэнка спрабуе ўгаварыць Пекін на супрацоўніцтва ва ўмовах санкцый

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з паслом КНР у Беларусі Се Сяаюнам​ / president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка разлічвае знайсці новую мадэль супрацоўніцтва з Кітаем ва ўмовах санкцый. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом КНР у Беларусі Се Сяаюнам і папрасіў перадаць яго словы кіраўніцтву КНР. Відэа сустрэчы публікуе БЕЛТА. 

Пры гэтым, паводле слоў Лукашэнкі, ён не настойвае, "каб у сувязі з тымі санкцыямі, якія ўведзеныя супраць Расіі і Беларусі, Кітай нёс нейкую адказнасць і нешта губляў". Нагадаем, супраць Беларусі пачалі ўводзіць дадатковыя санкцыі за яе падтрымку Расіі, якая распачала вайну супраць Украіны. У прыватнасці, з тэрыторыі Беларусі пускаюцца расійскія ракеты.

Раней у СМІ з'явілася інфармацыя, што Масква разлічвае і на дапамогу Кітая, у тым ліку ваенную. Пра гэта агенцтву Рэйтэр паведамілі ўчора афіцыйныя асобы ЗША. Сёння ў Рыме павінна прайсці сустрэча дарадцы па нацыянальнай бяспекі Джэйка Салівана з высокапастаўленым кітайскім дыпламатам Янам Цзэчы. Прадстаўнік ЗША мае намер засцерагчы Пекін ад аказання ваеннай дапамогі Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.