Вы тут

Лукашэнка: падатак за дармаедства прапаноўвалі плаціць нават салдатам

Фота: БЕЛТА

Дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" (ад 2 красавіка 2015-га) будзе захаваны, але пастаўлена задача ліквідаваць выяўленыя недахопы. Пра гэта было заяўлена ў аўторак на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка нагадаў прысутным, што ў народзе дакумент назвалі "дэкрэтам супраць дармаедаў". "Напэўна, у гэтым штосьці ёсць. Не будзем спрачацца з народам", — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. Ён згадаў, што былі прапановы "ледзь не адмовіцца ад дэкрэта: шмат крытыкі, цяжка адміністраваць і шмат іншыя пытанні".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, яго "больш хвалюе рэакцыя людзей на гультаёў". "Чалавек, які можа працаваць, не інвалід, ня абмежаваны ў нейкіх здольнасцях і магчымасцях, ён павінен працаваць, зарабляць на сябе і сваю сям'ю і прыносіць карысць краіне, выплачваючы падаткі", — заявіў кіраўнік дзяржавы. Таксама Лукашэнку цікавіла, наколькі надзейна ўстаноўлены заслон сацыяльнаму ўтрыманству, ці ўдзейнічае гэты механізм на тых людзей, якія не хочуць працаваць ці працуюць нелегальна. Цікавіла яго і тое, наколькі адпавядаюць рэальнай сітуацыі складзеныя спісы дармаедаў.

"Мне дакладваюць, што нярэдка паведамленні на выплату збору паступаюць ад падатковых інспекцый грамадзянам, якія не абавязаныя плаціць гэты збор і не павінны былі ўключацца дзяржаўнымі органамі ў спісы плацельшчыкаў: студэнтам, жанчынам, якія знаходзяцца ў дэкрэтных адпачынках, нават салдатам тэрміновай службы", — заявіў Аляксандр Лукашэнкі.

Па словах віцэ-прэм'ера Наталлі Качанавай, урад разам з Адміністрацыяй прэзідэнта правялі маніторынг таго, як рэалізуецца дэкрэт № 3. Выснова такая — дэкрэт на сённяшні дзень з'яўляецца актуальным, аб'ектыўным і неабходным, ён аказвае станоўчае ўздзеянне на сферу працы і занятасці, на ўцягванне беларусаў-дармаедаў у легальную эканамічную дзейнасць.