Вы тут

Лукашэнка: новых рашэнняў па пенсійным узросце ў Беларусі не плануецца

Аляксандру Лукашэнку падарылі карту Беларусі, зробленую са скуры / president.gov.by

Новых рашэнняў па пенсійным узросце ў Беларусі не плануецца, заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 сакавіка падчас размовы з работнікамі Мінскага вытворчага гарбарнага аб'яднання ў Гатаве.

"Усе рашэнні прынятыя [па пенсійным узросце]. У гэтым накірунку будзем дзейнічаць, гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Я сам хутка буду пенсіянерам разам з вамі".

Аляксандру Лукашэнку цяпер 66 гадоў. Ён кіруе дзяржавай з 1994-га.

"Што ж я буду да 80 гадоў працаваць, а з 80-ці на пенсію пайду? — гаварыў Лукашэнка. — На самалёт буду ўзбірацца, яшчэ ўпаду на гэтых прыступках [як Байдэн]".

Пенсійная рэформа ў Беларусі праводзіцца з 2017 года. У выніку адбываецца паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту (штогод на шэсць месяцаў). У 2022 годзе мужчыны будуць выходзіць на пенсію ў 63 гады, жанчыны — у 58.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.