Лукашэнка крытыкаваў чыноўнікаў: Вы плецяцеся ў хвасце падзей

У аўторак, 19 снежня, з удзелам Аляксандра Лукашэнкі прайшла нарада, прысвечаная пытанням рэструктурызацыі далгавых абавязацельстваў у эканоміцы. На ёй кіраўнік дзяржавы заявіў, што недапушчальна пастаянна перакладваць праблемы банкаў і прадпрыемстваў на бюджэт. "Неабходны больш актыўны ўдзел банкаў у дадзеных працэсах, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Але самым актыўным павінен быць той, хто браў грошы".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што на сённяшні дзень неабходныя эфектыўныя меры для аздараўлення фінансавай сітуацыі і на канкрэтных прадпрыемствах, і ў галінах эканомікі. На нарадзе прагучала, што ўзровень крэдытнай запазычанасці ў некаторых арганізацыях такі вялікі, што не дазваляе ім эфектыўна працаваць, не гаворачы ўжо пра развіццё. Называліся некаторыя прычыны такой сітуацыі: недапрацоўкі мінулых гадоў, дарагія грошы ў банкаўскай сістэме, пралікі ў бізнес-планаванні.

Лукашэнка нагадаў, што ў 2015-2016 гадах былі рэструктурызаваныя далгі шэрагу прадпрыемстваў і галін эканомікі. Ён назваў суму — 1,8 млрд долараў. "Тады ўрад абяцаў, што калі мы дапаможам нашым прадпрыемствам, то гэта будзе ў апошні раз, — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Цяпер прыйшоў час даўгі вяртаць, пагашаць пазыкі. Але зноў хваля прапаноў аб яшчэ адной рэструктурызацыі. Матывацыя тая ж: закліканні, стогны, плач".

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што ў прапанаваных прапановах не бачыць адказнасці тых, хто браў даўгі. Ён выказаў крытыку на адрас кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта і Камітэта дзяржкантроля. За адсутнасць аператыўнага інфармавання па згаданых пытаннях, за неўнясенне адпаведных кадравых прапаноў. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Адміністрацыя прэзідэнта і КДК ідуць у фарватары прапаноў ураду: "Вы плецяцеся ў хвасце падзей".

Таксама Лукашэнка крытычна выказаўся пра прапановы Нацбанка і ўраду. Ён не пабачыў там нічога новага: "Гэта навацыі толькі па тэрміналогіі".