Вы тут

Лукашэнка і Зяленскі абмеркавалі магчымую экстрадыцыю затрыманых расіян

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі / З архіву tsn.ua

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі абмеркавалі магчымую экстрадыцыю затрыманых у Беларусі расіян, паведамляе прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта. Прэс-служба беларускага кіраўніка падкрэслівае, што тэлефонная размова адбылася з ініцыятывы ўкраінскага боку.

Падкрэсліваецца, што тэму затрыманых расіян Лукашэнка і Зяленскі разглядалі падрабязна. Адзначалася важнасць "далейшага эфектыўнага ўзаемадзеяння кампетэнтных органаў двух дзяржаў, у тым ліку ў кантэксце перадачы Украіне асоб, што падазраюцца ў тэрарыстычнай дзейнасці на [украінскай] тэрыторыі".

Зяленскі выказаў спадзяванне, што "усе падазраваныя ў тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Украіны будуць... перададзены для прыцягнення да крымінальнай адказнасці".

Лукашэнка адзначыў, што праваахоўныя органы будуць супрацоўнічаць па гэтым пытанні ў рамках падпісаных міжнародных пагадненняў з Расіяй і Украінай.

Тэма і змест размовы кіраўнікоў Беларусі і Украіны безумоўна выкліча буру абурэння ў Расіі.

33 грамадзяніны Расіі былі затрыманыя ў Беларусі 29 ліпеня. Было заяўлена, што яны прыбылі для "дэстабілізацыі сітуацыі" ў краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Масква называе гэта "спектаклем", настойвае, што расіяне былі ў нашай краіне транзітам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.