Лукашэнка гатовы наведаць Венесуэлу: Там няпроста, але ў нас было складаней

Лукашэнка гатовы наведаць Венесуэлу: Там няпроста, але ў нас было складаней

Аляксандр Лукашэнка гатовы наведаць Венесуэлу. Пра гэта ён заявіў 5 кастрычніка ў Мінску падчас сустрэчы з венесуэльскім прэзідэнтам Нікаласам Мадура. Лукашэнка сказаў, што гатовы здзейсніць візіт у гэтую краіну, “каб надаць імпульс развіццю двухбаковага супрацоўніцтва”. Ён паведаміў, што ў лістападзе ў Мінску збярэцца сумесная беларуска-венесуэльская камісія. “Я падключуся да вырашэння гэтых праблем, і мы акрэслім у лістападзе канкрэтны план дзеянняў па вырашэнні пытанняў у нашых адносінах, — цытуе словы Лукашэнкі сайт sb.by. — Я гатовы прыляцець у Венесуэлу, мы з прэзідэнтам яшчэ раз разгледзім гэты план і зацвердзім яго”.

Кіраўнік Беларусі паабяцаў Венесуэле падтрымку. Ён згадаў, што ў свой час гэтая краіна падтрымала Беларусь у энергетычнай сферы: “Мы гэта не забыліся. Таму давайце разам сёння падумаем, як хутка вырашыць тыя праблемы, якія ёсць у Венесуэле. За пяць гадоў мы гэтыя праблемы ў асноўным вырашым”.

Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што “у Венесуэле цяпер няпроста”. “Але ў нас было складаней, мы таксама дзялілі па талонах прадукты харчавання пасля распаду Савецкага Саюзу”, — сказаў беларускі кіраўнік.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі