Лукашэнка: Баяцца Мытнага саюза няма чаго

У перамовах па Мытным саюзе ўсе праблемныя пазіцыі, якія былі ў Беларусі, улічаныя. Такую заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка. "Мытны саюз — гэта ўзаемныя саступкі, узаемная падтрымка і велізарны рынак, — адзначыў кіраўнік Беларусі. — Баяцца тут няма чаго".

Ён нагадаў, што з 1 ліпеня 2010 года павінна быць скончана стварэнне гэтай адзінай мытнай тэрыторыі. Тады кантроль за імпартам будзе ажыццяўляць камісія, якая цяпер ствараецца.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі, Казахстана і Расіі розныя эканомікі. "Мы, па вялікім рахунку, не такія ўжо і канкурэнты. Ну, дапусцім, калі ў нас ёсць МАЗ, то ў Расіі — КамАЗ. Гэта нам кажа аб тым, што мы павінны абараняць айчынную вытворчасць мытамі і г.д. У Казахстане гэтай вытворчасці няма, але яны далучыліся да нас. У нас няма вытворчасці легкавых аўтамабіляў, а ў Расіі ёсць. Расія хацела б, каб гэты від вытворчасці быў абаронены. Дапусцім, мы пайшлі насустрач расіянам, тады расіяне пойдуць насустрач нам па іншых пытаннях і г.д.", — сказаў Лукашэнка.

Разам з тым, паводле яго слоў, пытанне пошлінаў на легкавыя аўтамабілі з'яўляецца адчувальным для беларускай эканомікі, таму канчатковага рашэння па ім яшчэ не прынята: "Па фізічных асобах мы гэтае пытанне пакуль пакінулі ўбаку. Мы кажам аб юрыдычных асобах. Легкавы транспарт — гэта, у прынцыпе, адзіная пазіцыя, якая па-сапраўднаму хвалюе людзей".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі мыты на імпартныя тавары зніжаюцца, то кошты на гэтыя тавары не павінны ў канчатковым выніку павялічыцца: "У прынцыпе ў нас захаваецца ў пераважнай большасці той узровень коштаў, які ёсць".

Ён таксама адзначыў, што, па разліках экспертаў, да 2020 году дзякуючы Мытнаму саюзу будзе атрыманы рост ВУП на 15%. "Гэта каласальны прырост, гэта мільярды даляраў", — сказаў Лукашэнка. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі