Л.Маракоў: “Люстрацыя ў Беларусі будзе, я ў гэтым упэўнены”

У Польшчы не абы-якая падзея: дзейны прэзідэнт Лех Качыньскі абвінаваціў былога прэзідэнта Леха Валенсу, што той быў супрацоўнікам камуністычнай бяспекі. Два гісторыкі з Інстытута нацыянальнай памяці сцвярджаюць, што Валенса сапраўды працаваў у бяспецы. Валенса адказвае, што гэта хлусня і фальсіфікацыя. У палякаў служба ў камуністычнай бяспецы лічыцца страшнай ганьбаю, а ў нас за гэта плацяць персанальныя пенсіі. Праўда, знізу ідзе народная люстрацыя. Беларусы таксама разлічваюцца з мінулым. Экс-прэзідэнт Польшчы Лех Валенса быў агентам пад псеўданінам Болек, заявіў у гэтую сераду дзейны прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі ў інтэрв'ю тэлеканалу “Польсат”. Паводле сп. Качыньскага, 16 чэрвеня пабачыць свет кніга двух гісторыкаў з Інстытута нацыянальнай памяці (ІНП), дзе будуць факты пра 6-гадовую супрацу сп. Валенсы з камуністычнымі спецслужбамі.

Гэтыя заявы сам Валенса назваў зборам падробак, якія маюць сапсаваць яму настрой перад нобелеўскім юбілеем, і нагадаў, што ІНП напрыканцы 1980-х знішчыў 75 тамоў матэрыялаў пра яго барацьбу з камунізмам.

З гэтай гісторыі мы можам заўважыць: у Польшчы праца ў спеслужбах – ганьба, а ў Беларусі кэдэбістаў і энкавэдыстаў віншуе прэзідэнт “з 80-годдзем нялёгкага служэння”. Служэнне сапраўды было нялёгкім: працаўнікі набівалі мазалі на пальцах. Бывала, што адзін кат за ноч па 200-250 разоў спускаў курок. Дый закапаць столькі людзей – нялёгкая праца. Пра гэтых герояў працы гаворыць пісьменнік Леанід Маракоў, які шмат гадоў даследуе гісторыю камуністычных рэпрэсіяў.

Маракоў: “Людзі рыхтуюць спісы. Праца ідзе. І ў бліжэйшыя 5 год, я думаю, краіна будзе ведаць прозвішчы нелюдзяў, катаў, энкавэдыстаў, што расстрэльвалі і катавалі. І цяперашнія будуць баяцца таго, што робяць”.

Еўрарадыё: “Ці хоць адзін прыйшоў і сказаў, што яму прыкра, што ён так рабіў?”

Маракоў: “Адзін аб’явіўся быў, гадоў 90 было, і прапанаваў, што пакажа месца, дзя ляжаць расстраляныя 29 кастрычніка 1937 г. 100 дзеячоў беларускай культуры. Ён запрасіў за гэта вялікія грошы, і, пакуль я іх шукаў, ён памёр. Так быў страчаны гістарычны шанец. Але прагрэс ніяк не спыніць. Ніякім рэжымам. Беларусь будзе вольнай, і тады мы падлічым, колькі было расстраляна ў Курапатах, пад Віцебскам, Гомелем, Слуцкам, Оршаю і г.д.”

Апошнім часам у краіне актывізавалася нізавая, народная люстрацыя: людзі пішуць кніжкі, здымаюць фільмы пра камуністычныя злачынствы і беларускі супраціў. Можна прыгадаць Віктара Хурсіка, які апісаў спаленне партызанамі вёскі Дражна, інстытуцыйную працу таго ж Леаніда Маракова або гісторыка Сяргея Ярша.

Улады спрабуюць замазваць расколіны ў падмурку камуністычнага міфа, бо на ім стаіць цяперашняя ідэалогія. Але ідэалогія — мёртвы канструкт, а людская родавая памяць – жывы інструмент. Людзі хочуць ведаць, хто катаваў і забіў іх продкаў.

Фота з сайта Еўрапарламента

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі