Вы тут

Літва асцерагаецца расійскай пагрозы з боку Беларусі і сакрэтнасці вакол БелАЭС

Літоўскія спецслужбы прааналізавалі пагрозы з боку Беларусі / pixabay.com

Літва ацаніла рызыкі і небяспекі з боку Беларусі. Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы і Другі дэпартамент аператыўных службаў (літоўская ваенная разведка) апублікавалі штогадовы даклад

Літоўцы вельмі пільна сочаць за вайсковай супрацай Беларусі і Расіі. Аўтары дакумента звяртаюць увагу на рэзкі рост расійскай прыутнасці падчас палітычнага крызісу. 21 верасня Расія заявіла, што ўтрая павялічыць колькасці вайскоўцаў у штогадовых вучэннях "Славянскае братэрства" — з 300 да 900. Ужо на наступны дзень расійскія дэсантнікі былі накіраваныя ў вучэбную часць у Брэсце.

Літоўцы мяркуюць, што ў 2021 годзе расійская вайсковая прысутнасць каля іх межаў будзе павялічвацца. "Стратэгічныя вучэнні "Захад-2021" пройдуць у Беларусі, Калінінградскай вобласці і па ўсёй Заходняй вайсковай акрузе ў верасні 2021 года. Па сутнасці, беларускае вайсковае кіраўніцтва назвала 2021-ы "годам баявой гатоўнасці" праз меркаванае павелічэнне на адну траціну сумесных расійска-беларускіх вучэнняў і іншых вайсковых мерапрыемстваў у параўнанні з 2020 годам. Вельмі верагодна, што расійскія войскі таксама будуць больш актыўныя ў Беларусі і ўзрослая вайсковая актыўнасць у памежных раёнах павысіць рызыку непрадбачаных інцыдэнтаў", — гаворыцца ў дакладзе.

Эксперты згадваюць заявы Аляксандра Лукашэнкі, які казаў быццам NATO пагражае беларускаму суверэнітэту і вінаваціў заходнія краіны ў спробах умяшацца ва ўнутраныя справы Беларусі. Паводле літоўскіх звестак, у выніку каля мяжы з Літвой былі разгорнутыя падраздзяленні ракетных комплексаў "Кропка" і рэактыўных сістэм залпавага агню "Паланэз".

Пры гэтым літоўскія аналітыкі мяркуюць, што Лукашэнка пастараецца пазбегнуць разгортвання расійскіх вайсковых часцей у Беларусі, бо гэта не ў ягоных інтарэсах.

Таксама літоўцаў турбуедзейнасць КДБ: па іх словах, беларуская спецслужба вярбуе літоўскіх грамадзян з дапамогай шантажу, выкарыстання асабістых слабасцяў ахвяры, зрэжысіраваных ці рэальных інцыдэнтаў, гвалту і сексу. Пад асаблівай увагай знаходзяцца літоўскія сілавікі, суддзі, палітыкі, дзяржаўныя і муніцыпальныя чыноўнікі, супрацоўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, а таксама журналісты. Як прыклад, згадваецца літовец, які ў Беларусі правёў ноч з дзяўчынай, пасля чаго яго сталі шантажаваць інтымнымі здымкамі. 

Таксама літоўцы падкрэсліваюць, што з тэрыторыі Беларусі супраць іх дзейнічаюць расійскія спецслужбы. 

Акрамя таго, спецслужбы Літвы заклапочаныя рэжымам сакрэтнасці вакол дзейнасці Беларускай АЭС. Па іх словах станцыя была запушчаная без завяршэння належных тэстаў сістэмы. 

"Толькі ў лістападзе 2020 года на БелАЭС адбылося чатыры незапланаваныя адключэнні. Дзяржатамнагляд выпусціў афіцыйны каментар з нагоды першага інцыдэнту праз два дні — толькі пасля таго, як інфармацыя ўжо прасачылася ў СМІ. Больш за тое, Дзяржатамнагляд даў толькі частковае тлумачэнне, хаваючы інфармацыю пра іншыя непаладкі, якія адбываліся на БелАЭС", — кажуць аўтары даклада. Яны падазраюць, што беларускія ўлады могуць не даць дакладную і своечасовую інфармацыю ў выпадку якой-небудзь аварыі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.