Літовец замовіў майку з літарай Z, а атрымаў іншую — з фразай пра рускі карабель

Цішоткі: хацеў і атрымаў / Marskineliai.lt
Цішоткі: хацеў і атрымаў / Marskineliai.lt

Жыхар Літвы замовіў майку з літарай Z на ўсе грудзі, але атрымаў іншую — з фразай пра расійскі вайсковы карабель, піша "Новая газета — Балтыя".

Замова прыйшла у краму кастамных футболак Marskineliai.lt. Кампанія расказала аб інцыдэнце ў фэйсбуку. Пост стаў вірусным.

"Наш пост прайшоў па сацсетках, як каранавірус па свеце. Але было б лепш, калі б мы маглі публічна назваць імя замоўцы", — лічаць супрацоўнікі магазіна. У літоўскім законе ёсць нормы і правілы абароны дадзеных, якія не дазваляюць гэта зрабіць. Таму кантакт замоўцы яны проста перадалі "адказным службам".

Па словах супрацоўнікаў, атрымаўшы такую замову яны былі ў шоку.

"Спачатку работнікі не паверылі сваім вачам, убачыўшы электронны ліст з замовай", — расказваюць у кампаніі. Яны тлумачаць, што ў інтэрнэт-краме кожны можа стварыць сваю ўласную футболку, і платформай у асноўным карыстаюцца літоўцы.

"Улічваючы адносіны літоўцаў да Украіны, нашу падтрымку, як людзі згуртавана імкнуцца дапамагаць, нам было цяжка паверыць, што замова рэальная", — прызнаюцца супрацоўнікі. Але замова сапраўды апынулася рэальнай. Тады ўся каманда аднагалосна пастанавіла, што не будзе рабіць такую ​​футболку, а крама проста верне грошы.

"Але нешта грызла знутры, нельга проста так скончыць гісторыю, трэба паказаць нашу цвёрдую пазіцыю, нашу падтрымку Украіне. У гэты момант мы ўзгадалі герояў Украіны з вострава Змяіны і легендарную фразу, адрасаваную ваеннаму караблю. Сумневаў больш не было: такую ​​футболку мы яму даставім і пажадаем шчаслівага плавання", — распавялі ў Marskineliai.lt.

Кліент, які замовіў майку з сімвалам Z, не звязваўся з крамай напрамую. Але Marskineliai.lt атрымалі адну зорку ў гугле ад рускамоўнага акаўнта і мноства пагроз у чаце анлайн-крамы. Гэтыя скрыншоты работнікі таксама збіраюцца адправіць у паліцыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі