Літоўцы дапамаглі беларусам перакласці даклады пра сталінскія рэпрэсіі

Працы беларускіх гісторыкаў, прысвечаныя сталінскім рэпрэсіям у нашай краіне, уключаныя ў зборнік “Камунізм на міжнародны трыбунал”. Ён цяпер рыхтуецца да друку ў Літве і мусіць выйсці да канца года.  У кнігу ўвайшлі даклады, прачытаныя на канферэнцыях у чэрвені ў васьмі
краінах – Албаніі, Беларусі, Латвіі, Літве, Македоніі, Славаччыне,
Украіне і Эстоніі.

Мова выдання – англійская, і ў беларусаў-энтузіястаў
не было сродкаў на пераклад, але дапамаглі літоўцы, якія здзейснілі яго
самастойна. Мяркуецца, што зборнік “Камунізм на міжнародны трыбунал”
будзе дасланы ў найбуйнейшыя бібліятэкі і парламенты свету.

Ці пагодзяцца беларускія бібліятэкі і парламент займець кнігу пра
палітычныя рэпрэсіі, пакуль невядома. Ігар Кузняцоў, беларускі
гісторык, аўтар шматлікіх даследаванняў на тэму палітычных рэпрэсій ў
ХХ стагоддзі, са шкадаваннем канстатуе:

“У нашай краіне сваёй гісторыяй ужо цікавіцца мала людзей. А вось
гісторыя Беларусі ці гісторыя былога Савецкага Саюза выклікае вялікі
інтарэс навуковых колаў нават тых краінаў Еўропы, якія ад сталінскіх
рэпрэсій пацярпелі ў меншай ступені альбо ўвогуле не пацярпелі”.