Вы тут

Ліст спартсменаў супраць гвалту падпісала яшчэ адна вядомая баскетбалістка

Наталля Марчанка і футбаліст Павел Няхайчык / fcbate.by​

Вядомая баскетбалістка Наталля Марчанка падпісала адкрыты ліст спартсменаў за новыя выбары і супраць гвалту, паведамляе tribuna.com

Марчанка ў складзе нацыянальнай каманды ўдзельнічала ў Алімпійскіх гульнях у Пекіне. Разам са зборнай узяла бронзу Еўрабаскета-2007 і была прызнана лепшай разыгрываючай турніру. Пасля заканчэння гульнявой кар'еры працавала ў ФК БАТЭ. У гэтым верасні клуб паведаміў, што працоўны дагавор паміж БАТЭ і начальнікам Дэпартамента развіцця нашага клуба Наталляй Марчанка скончаны па пагадненні бакоў.

У пачатку кастрычніка Марчанка каментавала TUT.BY арышт іншай знакамітай баскетбалісткі Алены Леўчанка, казала, што Леўчанка для яе — "прыклад прафесіяналізму і стаўлення да справы" і што ёй вельмі крыўдна за калегу па камандзе. 

"Я б ніколі не падумала, што паважаны атлет, жанчына, грамадзянін сваёй краіны можа трапіць пад такую паказальную лупцоўку... Мне за яе вельмі крыўдна", — казала тады Марчанка. Леўчанка правяла 15 сутак на Акрэсціна ў жудасных умовах: у яе забралі матрац і бялізну, не было гарачай вады. 

На гэты момант подпісы пад адкрытым зваротам спартсменаў супраць гвалту і за новыя выбары паставілі больш за 1600 чалавек.

Спроба ўлад сабраць подпісы пад аналагічным лістом "за стабільнасць" павярнулася канфузам — акрамя спартоўцаў там выявіліся і чыноўнікі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.