“Лірой, ай лав ююююю!” ды іншыя эмоцыі з REFRESH WAVE colorful

Другі вялікі беларускі рэйв REFRESH WAVE colorful адбыўся з суботы на нядзелю ў Сілічах. Ён сабраў каля пяці тысяч чалавек, для якіх гралі сусветна вядомыя ды-джэі Нік Уоран, Лірой Торнхіл, Хайпер, а таксама зоркі драм-энд-басу Ды-Брыдж і Франклін дэ Коста. Публіка парадавала сваёй якасцю, ды-джэі драйвам, арганізатары перформансам. Ёсць і тое, што можна пакрытыкаваць. Як гэта было, распавядае Еўрарадыё...
Ты знаходзішся ў вялізарным ангары, дзе тусуецца неверагодная па беларускіх маштабах колькасць людзей. Калі ты не быў на мінулым рэйве 6 чэрвеня, такога маштабу ты не бачыў увогуле. Гэта адразу зараджае пэўнай энергетыкай. Потым ты звяртаеш увагу на сцэну, а там грае ды-джэй, у прафесіяналізме якога цяжка сумнявацца. І нават калі табе не падабаецца ягоная музыка, ты маеш магчымасць пакрытыкаваць ды-джэя такога высокага ўзроўню. І гэта прыемна.

Галоўны танцпляц па маштабу значна адрозніваўся ад трох астатніх: мінімалу, тэхна ды драм-энд-басу. Па-першае таму, што сам па сабе ён быў у дзясяткі разоў больш. Па-другое таму, там адчувалася “сусветнасць” усяго мерапрыемства, бо менавіта там знаходзілася VIP-зона з зорнымі ды-джэямі.

Каця: “Мала мерапрыемстваў такога маштабу ў Беларусі. Абсалютна еўрапейскі ўзровень. Прыемна. Добрая, цікавая музыка. Вельмі файна. Чакаю Ніка Ўорана, безумоўна Ніка Ўорана.”

На мэйне ж адбываліся ўсе перформансы: вогненнае шоў, go-go падтрымка, канфеці і астатнія атрыбуты “мыльных” паці. Таксама там было дастаткова свежага паветра, акрамя часу, калі пачаў выступаць Лірой Торнхіл. Тады за некалькі хвілінаў ангар цалкам запоўніўся людзьмі. Цікава, хто і чаму ў гэты час заставаўся на іншых танцпляцах. На драм-энд-бас пляцоўцы мы знайшлі, Шэра, які аказаўся ды-джэям:

Dj Cher: "Танцпляц дастаткова цікава абстаўлены, па-мойму. На такіх мерапрыемствах бачна, што большасць людзей прыехала не спецыяльна на драм-энд-бас, а менавіта на асноўную арэну. Не ведаю, ці варта было ўвогуле рабіць тут драм-энд-бас танцпляц. Я прыехаў сюды паслухаць госця, Ды-Брыджа, таму што ён мой кумір і я пастаянна граю ягоныя трэкі ў сваіх сэтах”.

Мінімал-танцпляц быў падобны да тусоўкі ў кавярні з-за вельмі маленькага памяшкання, барнай стойкі, што засталася ад рэстарана ды вельмі цеснай атмасферы. Пры ўсім гэтым людзі здаваліся шчаслівымі. Адзінае, ім вельмі хацелася, каб гэтая музыка грала на мэйне:

Сяргей: “Музыка цудоўная, проста супер. Мне бы хацелася, каб гэтая музыка была на асноўным танцпляцы. Дужа мала месца, дужа спякотна.”

На пляцоўцы тэхна было шмат лазераў ды моцны гук у адносна невялікім памяшканні. Тут не чакаліся замежныя госці, за тое гралі вядомыя беларускія ды-джэі Pavel Man, Glev Luv ды Techo.

У VIP-зоне мэйн-танцпляца можна было лёгка ўбачыць кампанію Лірой Торнхіл, Нік Уоран, Хайпер плюс Ды-Брыдж. Яны тусаваліся разам. Між іншым, Хайпер і Лірой цяпер працуюць над адным праектам, таму яны ўвогуле выглядалі як сапраўдныя сябры. Прынамсі, калі Ліроя скралі журналісты, Хайпер шукаў яго і гучна крычаў “Лірой, ай лав юююю!”.

Завяршалі рэйв арганізатары мерапрыемства Minas ды Shima. Дарэчы, падчас выступлення dj Shima я прыгадала ягоныя словы з мінулай нашай размовы. Тады галоўны арганізатар REFRESH WAVE зазначыў, што беларускія і замежныя ды-джэі вельмі адрозніваюцца стылістычна. Сапраўды, пасля шасці гадзінаў вялікабрытанскіх сэтаў, беларуская музыка загучала спецыфічна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі