Лідэры апазіцыі сустрэліся з амбасадарамі краін-сябраў Еўрасаюза

Прадстаўнікі беларускай апазіцыі сустрэліся з амбасадарамі дзяржаў-сябраў Еўрапейскага саюза. У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел палітыкі Анатоль Лябедзька, Аляксандр Казулін, Аляксандр Мілінкевіч, Сяргей Калякін, Анатоль Ляўковіч, Аляксей Янукевіч, Павел Севярынец. "Традыцыйна гэтая сустрэча па просьбе амбасадараў прайшла ў фармаце "не для прэсы", — патлумачыў Лябедзька ў інтэрв'ю БелаПАН. Паводле яго слоў, амбасадараў найбольш "цікавіў адказ на пытанне: што рабіць?". Лідэр АГП прадставіў сваё бачанне "праграмы" пад умоўнай назвай "Крэдыты і інвестыцыі ў абмен на свабодныя выбары, адсутнасць рэпрэсій і палітычных зняволеных".

"Свабодныя выбары немагчымыя без наяўнасці свабоднай прэсы, рэгістрацыі палітычных структур і грамадскіх аб'яднанняў, ва ўмовах палітычных рэпрэсій. Галоўнае ў арыентацыі на свабодныя выбары — каб улады зрабілі сістэмныя змены ў бок празрыстасці гэтага працэсу, а не абмежаваліся касметыкай", — лічыць Лябедзька.

Лідэр АГП таксама выказаў сваё меркаванне аб удзеле Беларусі ў праграме "Усходняе партнёрства". Ён мяркуе, што павінна праводзіцца сістэмная праца па ўключэнні ў рэалізацыю гэтай праграмы палітычных суб'ектаў нароўні з уладай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі