Лідчук інсцэніраваў падпал дома, каб атрымаць страхоўку

Лідчук інсцэніраваў падпал дома, каб атрымаць страхоўку

Лідскі райаддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу на 41-гадовага мясцовага жыхара за замах на махлярства ў буйным памеры.

Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 7 студзеня ў вёсцы Мігуны. Лідскія ратавальнікі атрымалі паведамленне пра пажар у нежылом аднапавярховым драўляным доме, які належыць жыхару Ліды. Ад яго загарэлася і гаспадарчая пабудова суседа.

Супрацоўнікі МНС своечасова лакалізавалі пажар, дзякуючы чаму ніхто з навакольных не пацярпеў. Агонь часткова знішчыў дах дома, пашкодзіў перакрыцце, сцены і маёмасць унутры. Гаспадарчая пабудова згарэла цалкам.

Следчыя выявілі, што прычынай пажару стаў падпал. У гэтым злачынстве падазраюць гаспадара дома. Мяркуецца, што мужчына падпаліў дом дзеля страхоўкі, якая складае больш за 6000 рублёў. Ён інсцэніраваў падпал невядомымі асобамі.

З санкцыі пракурора лідчука ўзялі пад варту. Мужчына працуе спецыялістам на дзяржаўным прадпрыемстве. Паведамляецца, што раней ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, у тым ліку за карыслівае і карупцыйнае злачынствы.

Расследаванне працягваецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі