Лідчане скардзяцца на галаўны боль і галавакружэнне

Пажар на Лідскім заводзе “Лакафарба” да гэтага часу працягвае турбаваць жыхароў гораду. Нягледзячы на афіцыйныя заявы, што падчас здарэння ніякіх небяспечных для здароўя выбрасаў не было, у Лідзе гэтаму не вераць. Ходзяць чуткі, што ўчора мясцовыя ўлады параілі не выпускаць дзяцей на вуліцы, каб уратаваць ад таксічнага атручання. Як гэта было на самой справе, нам расказаў дырэктар лідскай школы №1:

“Санстанцыя зрабіла замеры. Спачатку была рэкамендацыя, але яе адмянілі яшчэ ў першай палове дня. Дый самі мы адчувалі лёгкі пах дыму”.

У дзіцячых садках учора дзяцей таксама не выводзілі на вуліцу, але ніякага вышэйшага загаду не з’яўлялася — была ініцыятыва бацькоў. Дырэктар дзіцячага садка №2 паведаміла нам, што сёння дзеткі ўжо гуляюць.

Паводле інфармацыйнага сайту bizlida.by, учора гараджане скардзіліся на галаўны боль і галавакружэнне, а па мясцовым радыёканале было абвешчана, каб людзі не выходзілі на вуліцу без неабходнасці.

Але загадчык прыёмнага аддзялення гарадской лякарні Наталля Шэфер адразу абвергла чуткі пра наяўнасць пацярпелых ад здарэння. А гэта сапраўднае дзіва, таму што па звестках МНС гарэлі тры з васьмі ўстановак-кандэнсатараў у аддзяленні вытворчасці аднаго са складнікаў фарбы — фталевага ангідрыду.


ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ:

Пара і пыл фталевага ангідрыду аказвае моцнае раздражняльнае ўздзеянне на слізістую абалонку вачэй і верхніх дыхальных шляхоў. Пад уздзеяннем фталевага ангідрыду на скуры ўзнікаюць чырвоныя плямы, зрэдку пухіры, якія нагадваюць ваўдыры пры апёку.


Каб канчаткова ўпэўніцца ў бяспечнасці ўчорашняй аварыі мы паразмаўлялі з начальнікам часткі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях гораду Ліда маёрам Цыбруком, які прысутнічаў на ліквідацыі пажара:

“Было ўзгаранне ў цэхе №2 “Лакафарбы”, гарэлі алеі ў паддоне. Вядома, быў чорны дым, і на самім заводзе адчувалася гар. Але пацярпелых не было, ніхто не атруціўся: ні персанальны склад МНС, ні грамадзянскія асобы, ні супрацоўнікі. Рабочыя праходзілі цалкам праз мясцовы медпункт, ім там давалі вугальныя таблеткі.

Ведаеце, паніка і боязь выклікаюць з-за нерваў заспаленне сваіх унутраных хваробаў. Пэўны час у асноўным жанчыны, на якіх уплываюць магнітныя буры, жаліліся на галаўны боль. Канечне, калі пастаяць менавіта над дымам, можна і памерці.

Пажар быў пагашаны праз паўгадзіны ад пачатку. Але з-за таго, што мы разбіралі-прыбіралі навокал, з’ехалі толькі на пачатку другой гадзіны. Санстанцыя ўвесь час стаяла на мяжы завода і гораду і брала спробы, але ніякіх небяспечных рэчываў не было выяўлена”.

Такім чынам, па афіцыйных звестках, учорашняе здарэнне на Лідскім заводзе “Лакафарба” на навакольнае асяроддзе ніяк не паўплывала. Але дагэтуль простыя работнікі прадпрыемства перакананыя, што не ўсё так проста, як кажуць. Праўда, яны баяцца як-небудзь каментаваць свае думкі з-за пагрозы быць звольненымі.


Фота — www.lida.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі