Вы тут

Лідара АГП Мікалая Казлова абвінавачваюць па справе аб выдаванні дадзеных

Мікалай Казлоў / svaboda.org​​

Лідару Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову выставілі абвінавачанне па справе аб разгалашэнні дадзеных папярэдняга расследавання (ч.1 арт. 407 КК), паведамілі ў штабе Святланы Ціханоўскай.

У яго ўзятая падпіска аб нявыездзе.

Крымінальную справу ў дачыненні да Казлова распачалі пасля таго, як ён тройчы адмаўляўся даць падпіску аб невыдаванні на допытах у Следчым камітэце. У СК Казлова выклікалі па справе аб стварэнні Каардынацыйнай рады.  Ён з'яўляецца сябрам КР.

Сваю адмову даваць падпіску лідар АГП тлумачыў правам, якое яму дае арт. 27 Канстытуцыі Беларусі. Там сказана: "Ніхто не павінен прымушацца да давання паказанняў і тлумачэнняў супраць самога сябе, членаў сваёй сям'і, блізкіх сваякоў".

У канцы лютага за адмову падпісваць дакумент аб невыдаванні Мікалая Казлова пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак. Яго асудзілі за "непадпарадкаванне міліцыі" і адправілі на Акрэсціна, але праз 72 гадзіны вызвалілі. Умовы, у якіх ён знаходзіўся, Казлоў назваў катаваннямі.

Аднак 23 сакавіка яго зноў затрымалі. І на судзе ён зноў казаў пра дрэнныя ўмовы на Акрэсціна — распавядаў, што яго пасадзілі ў аднамесную камеру, дзе знаходзяцца восем чалавек. На падлогу вылілі каля 20 літраў канцэнтраванага раствора хлору. Гэтым разам ён адседзеў усе прызначаныя судом суткі і выйшаў на волю 6 красавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.