Лепшыя моманты "Маніфесту" Ляпісаў (+фотарэпартаж)

Для мінскай прэзентацыі «Маніфеста» «касмічны цырк аўтсайдэраў» гурт «Ляпис Трубецкой” падрыхтаваў некалькі новых песень і незабыўнае 2-гадзіннае шоў з элементамі акрабатыкі. Даўно ўжо Палац спорту, названы Міхалком «пятачком культурнай бяспекі» і «скрываўленай Галгофай» не бачыў такой чаргі перад пачаткам канцэрту. Нам пашчасціла трапіць у залу ў ліку першых і пакуль тая запаўнялася тысячамі гледачоў, мы вырашылі запытацца ў фанатаў гурта, чаго яны чакаюць ад канцэрту і ўлюбёнай праграмы «Маніфест»:



-Мы чакаем шквалу гуку, шквалу эмоцый і выдатнага настрою.
-А яшчэ абмену энергіямі! І спяваць песні, каб страціць голас!

Хлопцам у першым перад сцэнай шэрагу — на выгляд сапраўдным панкам — абмену энергіяй недастаткова:

- Мы чакаем пякельнага слэму, гэта павінна быць класна пад музыку «Маніфеста».

У якасці віп-гасцей на танцпляцы былі і дочкі прадзюсера “Ляпісаў” Яўгена Калмыкова – Маша і Даша. Дзяўчынкі адразу патлумачылі, што з творчасцю гурта знаёмыя ледзь не з маленства:



«Не, гэта далёка не першы наш канцэрт, наш тата – прадзюсер. Нам падабаецца «Ляпис Трубецкой», але я магу сказаць, што гэта не мой любімы гурт. Мне падабаецца «1,5 кг отличного пюре». А я люблю «Rock-inside», - дадае малодшая.

Пасля 10-хвіліннага сэту гурта «Drum Ecstasy», які канчаткова «запаліў» публіку, на сцэне з'явіліся яны, «последние герои рок-н-ролла, космические ковбои и основатели джаза».





З самага пачатку імпрэзы стала зразумела – толькі песнямі канцэрт наўрад ці абмяжуецца. Энергетычны шквал ліўся са сцэны, зала заходзілася ад захаплення, а Сяргей Міхалок разам з духавой секцыяй прадэманстравалі скачкі ў вышыню на 10 з плюсам.





Як і варта было здагадацца, распачаўся канцэрт песняй «Трубецкой» і першым эзатэрычным вершам з цыкла «эпічных чыталак» Юзіка Кілевіча, якія Міхалок дэкламаваў перад кожнай песняй на працягу канцэрта.

У пачатку праграмы прагучала большасць песень з двух апошніх, як іх называе сам Міхалок, сапраўдных альбомаў, «Маніфест» і «Капітал». Дапаўняла кайф ад любімых хітоў для тысяч прыхільнікаў спецыяльная інсталяцыя от VJ Key. Такім чынам кожная з кампазіцый тэматычна працягвалася на экранах эксклюзіўна падабранымі відэашэрагамі альбо кліпамі зорнага гурта.




«Belarus Freedom» з моманту свайго з'яўлення стала сапраўдным альтэрнатыўным гімнам Беларусі.

Сяргей Міхалок: «Вярніце нам павагу без крыві і рэвалюцый» ветліва папрасіў артыст са сцэны. Жыццё без свабоды – нішто. Так што, сябры, не будзем забываць, што ў розных путах і кайданах  збіраецца шмат бактэрый і з'яўляюцца пролежні. Гэтыя гематомы кіруюць чалавекам, знутры, пачынаючы з яго эпідэрмісу і паступова захопліваючы яго мозг.  Я думаю,што цяпер час нагадаць аматарам розных астральных оргій, што кайданкі добрыя ў групавых оргіях на з'ездах розных дзеячаў свінгерскіх навук. А мы ўступаем ў кантакты выключна на добраахвотных асновах»

Як і спяваецца ў песні - «пагоня побач, будзем жыць!»- па танцпляцы адзін за адным узняліся бел-чырвона-белыя сцягі і выявы герба «Пагоня».

А вось рамантычная песня «Зорачкі» нешта ніяк не ўдаецца музыкантам на канцэртах. Гэта, мабыць, адзіны «пракол» на шоў –  то не было чутно гітары, якая стварае гармонію, а толькі бас, па якому цяжка арыентавацца, то сам Міхалок не выцягнуў па вакале




Цікава, а ці быў на канцэрце Атмараві? Гісторыя вакол яго восеньскага скандала з Ляпісамі атрымала моцны рэзананс з абодвух бакоў і працягвае «адгукацца».
Міхалок узгадаў гэту ЖЖ-гісторыю, нагадаў, што «Ляпис Трубецкой” - гэта перш за ўсё каманда, а не камерцыйны праект, і прапанаваў усім музыкантам не забываць, што ўтылізацыя – гэта галоўнае слова ў сучаснай поп-культуры. Не без сарказму прагучала ягоная фраза:

Сяргей Міхалок: «Мы, сучасныя паэты і песеннікі, павінны прыбіраць за сабой гэта музычнае смецце, якое «пускаем на свет» не дзякуючы сваім сардэчным вібрацыям, а дзеля сваіх тоўстых, велічэзных кашалькоў. Таму рэдкі госць на нашых цяперашніх канцэртах - старадаўняя песня. Настолькі старадаўняя, што лепш не топайце і не хлопайце,- яна можа разваліцца ад часу.»

Ну, хіба ж хто застанецца стаяць на месцы пад выкананую Паўлам Булатнікавым «Ты кинула»?





Напрыканцы канцэрту «Ляпісы» выканалі 3 новыя песні і хуценька развіталіся. Хто не зразумеў - гэта і былі песні «на біс».





Але ўсё ж агульнае ўражанне пасля канцэрту засталося ўсхвалявана-радасным для большасці прысутных:

Глядачка: «Вельмі класна, супер! Проста адрэналін! Мы нават і не чакалі, што будзе вось так».

«Я ўвогуле лічу, што  «Ляпис Трубецкой» - гэта адзіны гурт еўрапейскага стандарту ў нашай краіне» – дадае хлопец побач.

Глядач: «Вы проста не бачыце нашых твараў – якія мы мокрыя і шчаслівыя. Гэта неперадавальна. Гэта драйв, гэта вельмі, вельмі крута! Тое, што было на гэтым канцэрце, - гэта трэба адчуць. Ляпісы ўмеюць заводзіць публіку.»




Які канцэрт без сапраўдных фанатаў? Вось і ўчора малады хлопец дзеля сваіх куміраў прыехаў на канцэрт з Вільні і збіраецца аб'ехаць за “Ляпісамі” ўсе гарады тура:

- Мае мары спраўдзіліся – я пачуў усе свае любімыя песні. Гэта ўжо трэці канцэрт Ляпісаў, на які я трапіў за апошні час і збіраюся паехаць далей. Было б файна, каб яны завіталі ў Прыбалтыку з канцэртамі – там ў іх таксама шмат прыхільнікаў.

Алег, гітарыст гурта Anyway!, застаўся не зусім задаволеным пачутым:
“Добры канцэрт, круты гурт, круты матэрыял, усё вельмі класна сыграна, але, што называецца, не качае. Асобныя моманты толькі і асобныя песні. За Belarus Freedom велізарны рэспект! Здзівіла такая розная публіка - ад левых скінхэдаў да людзей “у гадах” з дзецьмі. Дарэчы, што год таму, што сёння былі нейкія праблемы з гукам: то гітара знікала ў зале, то голас, то бас. Чакаў, што ўсё ж такі будзе "біс", таму крыху расстроіўся.”

На выхадзе з залы сустракаю сына Піта Паўлава, Яна-Вінсэнта, які ў захапленні распавядае, як яны з сябрам “танчылі, скакалі і чаго толькі не рабілі”:
Ян-Вінсэнт: «Мы чакалі «Ляпісаў» - мы іх дачакаліся!».

І гэтым сапраўды ўсё сказана.





Бонусам да ўсяго, што вы ўжо ўбачылі і пачулі, вось вам яшчэ закулісная фотачка гурта ў амаль поўным складзе спецыяльна для Еўрарадыё)





Уздым пачуццяў і свежых сіл мне забяспечаны, спадзяюся, як і ўсім астатнім, хто такі змог трапіць у Палац спорту 9 сакавіка. І па-добраму зайздрошчу тым, для каго канцэрты Ляпісаў у межах тура па Беларусі яшчэ наперадзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі