Лепш не стане: паглядзелі, што беларусам абяцаюць папраўкі ў Выбарчы кодэкс

Аляксандр Лукашэнка на Усебеларускім народным сходзе / REUTERS
Аляксандр Лукашэнка на Усебеларускім народным сходзе / REUTERS

Праект зменаў у Выбарчы кодэкс Беларусі вынесены на грамадскае абмеркаванне з 24 кастрычніка да 2 лістапада. Каб змясціць усе папраўкі, беларускім чыноўнікам спатрэбілася 86 старонак.

За перагляд законаў і дакументаў рэжым Лукашэнкі ўзяўся грунтоўна: у лютым страсянуў Канстытуцыю, а зараз карэктуе Выбарчы кодэкс. Пра што гэтыя папраўкі і чаго чакаць беларусам, калі змены будуць прыняты ў цяперашнім выглядзе?

Лепш не стане: паглядзелі, што беларусам абяцаюць папраўкі ў Выбарчы кодэкс

— Беларусам ад паправак да законаў, якія не мяняюцца па сваёй сутнасці ці не мяняюць таго, як дзяржава сканструяваная, лепш дакладна не будзе, — расказвае Еўрарадыё Аляксандр Шлык, спецыяльны прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па выбарах. — Ці будзе горш — паглядзім. Гэтыя папраўкі ў Выбарчы кодэкс ніякім чынам не змяняюць таго, што ён сканструяваны для правядзення выбараў “з верху да нізу”. І дзяржава тут не думае аб выбарах як аб працэсе, які нараджаецца знізу ад грамадзянаў. Я не бачу вялікай прынцыповай розніцы ў тым, як усё гэта будзе зроблена.

На дадзены момант гэтыя папраўкі можна скампанаваць у тры раздзелы. Першы — папраўкі, скіраваныя на тэхнічныя, касметычныя змены. Яны ўвогуле не маюць вялікага ўплыву на працэс адміністравання і правядзення выбараў. Другія папраўкі зачыняюць магчымасці ці рэгулююць палітычна некаторыя рэчы, якія выклікалі сумневы ў Цэнтральнай выбарчай камісіі ці ў заканадаўцаў. Напрыклад, забарона на фатаграфаванне бюлетэняў, вынас бюлетэня з участка для галасавання, адмена парогаў для яўкі выбаршчыкаў.

Але хіба найбольш заўважныя папраўкі — гэта тыя, якія тычацца рэалізацыі зменаў, унесеных у Канстытуцыю напрыканцы лютага. А менавіта адлюстраванне ролі Усебеларускага народнага сходу ў арганізацыі выбараў. І таксама раздзел, які тычыцца выбараў дэлегатаў ва Усебеларускі народны сход (УНС) ад дэпутатаў мясцовых саветаў і ад прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

УНС спрабуюць запіхнуць у кожную дзірку

Лепш не стане: паглядзелі, што беларусам абяцаюць папраўкі ў Выбарчы кодэкс
Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь / БЕЛТА

Калі папраўкі прымуць, то якія новыя функцыі будуць ва Усебеларускага народнага сходу?

— Тэарэтычна можна разглядаць такі выпадак, калі Цэнтральны выбарчы камітэт (ЦВК) з’ехаў з глузду і якімсьці чынам правёў выбары так, што гэта не спадабалася УНС. Тады чальцы УНС могуць быць кантрольным механізмам, які можа ануляваць такія выбары, — кажа Аляксандр Шлык. — Яшчэ ў папраўках адлюстравана тое, што УНС будзе зацвярджаць чальцоў ЦВК, пачынаючы з прапановаў прэзідэнта. І тут паўстае пытанне: ці можа, хаця б тэарэтычна, УНС або яго прэзідыум не пагадзіцца з прэзідэнтам у тых рэчах, якія тычацца чальцоў ці кіраўніцтва ЦВК? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба паглядзець, што гэта за УНС.

Таксама зараз у Выбарчы кодэкс прапануюцца папраўкі, у якіх апісваецца і падкрэсліваецца роля УНС у тым, каб кантраляваць канстытуцыйнасць і легітымнасць выбараў. І тут паўстаюць тыя самыя пытанні: ці можа УНС, у тэорыі ці на практыцы, не пагадзіцца з канстытуцыйнасцю ці легітымнасцю выбараў прэзідэнта ці Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу? Да таго ж пытанне, чым адрозніваецца паняцце канстытуцыйнасці ад легітымнасці. Я, напрыклад, не бачу вялікай розніцы паміж імі ў дадзеным выпадку. І было б добра таксама пачуць нейкія тлумачэнні, чаму ў адным і ў другім павінна быць роля УНС.

І яшчэ пытанне: да якой галіны ўлады адносіцца УНС? Выканаўчай, судовай ці заканатворчай? З першага артыкула закона аб УНС выглядае, што больш падобна да заканадаўчай улады. Тады паўстае пытанне: а што было не так з Палатай прадстаўнікоў і з Саветам Рэспублікі, што цяпер трэба ўводзіць УНС? Нам жа заўсёды казалі, што з гэтымі органамі ўсё нармальна. Навошта нам гэты УНС — да канца не зразумела.
 

Выбары без выбараў

Лепш не стане: паглядзелі, што беларусам абяцаюць папраўкі ў Выбарчы кодэкс
З’езд кампартыі СССР і Усебеларускі народны сход / калаж Еўрарадыё

Можа быць так, што Усебеларускі народны сход — хай сабе і з новымі выбарчымі паўнамоцтвамі — не ператворыцца ў другую структуру, а будзе, па аналогіі з савецкімі часамі, ківальна-пагаджальніцкім органам?

— Менавіта тут варта паглядзець на тое, адкуль бярэцца УНС, хто яны такія, — адказвае Аляксандр Шлык. — Заўважым, што ў Выбарчым кодэксе апісваецца працэдура выбараў прадстаўнікоў ад мясцовых дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці. Узнікае пытанне: а колькі іх увогуле? Увайсці ад мясцовых дэпутатаў можа да 350 чалавек, ад грамадзянскай супольнасці — да 400. Агульная колькасць дэлегатаў ва УНС — да 1200 чалавек. То-бок мы зараз гаворым аб 750 дэлегатах з 1200.

Гэта даволі вялікая частка тых, чые “выбары” ў двукоссі рэгулююцца выбарчым заканадаўствам. У тым, што датычыцца выбараў дэлегатаў ад мясцовых дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці, асабліва выбараў я не бачу. Бо я не бачу тут ніякай канкурэнцыі ідэй ці канкурэнцыі людзей. Асабіста для мяне выглядае, што канкурэнтнасцю, плюралізмам і выбарамі як такімі ў гэтым працэсе не моцна пахне.

Лепш не стане: паглядзелі, што беларусам абяцаюць папраўкі ў Выбарчы кодэкс
Аляксандр Лукашэнка на Усебеларускім народным сходзе / president.gov.by

— Таксама трэба паглядзець, хто такія тыя, хто будзе прадстаўляць грамадзянскую супольнасць, — працягвае Аляксандр Шлык. — Тут мы бачым, што ў Міністэрства юстыцыі ёсць роля вызначаць тыя арганізацыі, якія будуць мець права дэлегаваць прадстаўнікоў ад грамадзянскай супольнасці. У папраўках у Выбарчы кодэкс таксама ёсць спасылка, што Міністэрства юстыцыі гэта робіць з улікам таго, што напісана ў законе.

У якім? Ну хіба ў законе пра УНС. Глядзім у закон пра УНС — а там кажуць, што тыя, хто будзе выбіраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, па сваёй сутнасці вызначаюцца палажэннямі Выбарчага кодэкса. Можа, штосьці з’явіцца ў законе пра грамадзянскія арганізацыі. Пакуль што кодэкс спасылаецца на закон, а закон спасылаецца на кодэкс. І напрыканцы атрымліваецца так, што ў Міністэрства юстыцыі лідуючая роля.

Атрымліваецца, што да адной траціны прадстаўнікоў ва УНС — якія быццам бы ад грамадзянскай супольнасці — будуць прызначаны пад кантролем Міністэрства юстыцыі. Выходзіць так, што агульна працэсам прызначэння прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ва УНС кіруе орган выканаўчай улады. А гэта, нагадаю, да 400 чалавек з агульнай колькасці, з 1200 дэлегатаў, — падсумоўвае Аляксандр Шлык.

Чыноўнікі кажуць, што праект закона распрацаваны нібыта ў мэтах прывядзення нормаў выбарчага заканадаўства ў адпаведнасць з беларускай Канстытуцыяй, а таксама для ўдасканалення яго палажэнняў з улікам практыкі прымянення. Заўвагі і прапановы па праекце прапануюць выказаць на сайце forumpravo.by.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі