Ленинград – Вечный огонь

111007 Agljadacha.mp3

Сённяшняя Перадача-аглядача трохі незвычайная, бо будзем абмяркоўваць не беларускі, але такі блізкі для нас дыск. Новы альбом гурта “Ленинград” “Вечный огонь”.  Я не памыліўся, калі сказаў блізкі для нас, бо песні піцерцаў сталі яшчэ больш сацыяльнымі, ну, а нецэнзурнай лексікай беларусы карыстаюцца не радзей за расіян. Але пра тэксты пазней, зараз пра музыку. Першая песня альбома, пад назвай “Любит наш народ”, мяне нават узрушыла, бо я падумаў, што “Ленинград” вырашыў вяртацца да гучання першых альбомаў.

Але ўжо пачынаючы з другога трэка, стала зразумела, што памыліўся. Так мяне гэта засмуціла так, што нават не заўважыў, як праслухаў цэлы альбом і ў памяці не засталося ніводнага трэка. Наступныя ж праслухоўванні пакінулі думку, што чым далей, тым больш “Ленинград” у інструментальна-аранжыровачным сэнсе робіцца падобным на “Неприкосаемых”, а вакал Шнурава на вакал Гарыка Сукачова. Напэўна, самы яскравы прыклад – песня "Первое свидание".

Увогуле гэты дыск заўважна больш лірычны за папярэднія. На ім стала больш песень з удзелам выдатнай джазавай выканаўцы Юліі Коган, якая і раней з’яўлялася ў кампаніі “Ленинграда”, але не так часта. На дыску дзве песні з амаль сольным яе выкананнем.

Дарэчы песня “Верность”, гэта дыялог закаханых людзей, з якога я шчыра рагатаў. Выдатны сцёб над саплівымі папсовымі песнямі, толькі што музыка ў “Ленинграда” значна больш якасная. Такую ж рэакцыю выклікала песня “Прогресс (Дельта Невы)”, у якой паказана ўся гісторыя развіцця сусветнай музыкі.

Ведаеце, што ўразіла? Альбом “Вечный огонь” не такі мацерны, як я чакаў. Безумоўна ёсць і вельмі нецэнзурныя песні, але іх толькі дзве з дзевяці - “П*здец” і “За*бало”. Прычым песня “За*бало” ўражвае смеласцю тэкста. Так незвычайна чуць прамыя негатыўныя выказванні пра кіраўнікоў краіны на альбоме гурта, які актыўна прысутнічае ў медыйнай прасторы. А яшчэ альбом са словамі “Путин за*бал, Медведев и Обамино е*ало” выйшаў некалькі дзён таму, а ніводзін з музыкаў гурта яшчэ не трапіў ні ў турму ні нават у чорныя спісы.

Калі ўвогуле дыск “Вечный огонь” слухаецца даволі проста, але на рэпіце доўга яго не паслухаеш, стамляешся ад шчыльнасці ды напору духавых. Ва ўсялякім выпадку, у мяне так. Як і ўсе мінулыя альбомы, новы дыск амаль у кожнай песні ўтрымлівае кавалкі вядомых усім хітоў. Дзесьці яны схаваныя, крыху змененыя, але пазнаюцца без пытанняў.

Як і заўсёды напрыканцы праграмы, я ўсё ж раю паслухаць альбом самастойна. Бо паслухаць чужыя думкі, гэта крута, але лепш складаць сваё ўласнае меркаванне. Тым больш, што жывуць музыкі ў краіне, якая і ў палітычным і ў сацыяльным сэнсе вельмі падобная да Беларусі. Ды і людзі і там і тут маюць падобныя звычкі, жыццёвыі традыцыі і недахопы. Дам вам адзіную параду, слухайце тэксты і не ўспрымайце іх вельмі сур’ёзна, хоць і несур’ёзна ставіцца да іх таксама не варта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі