“Ледзьве паспеў!” — Як кандыдаты спрабавалі адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў

“Ледзьве паспеў!” — Як кандыдаты спрабавалі адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў

У 2001 скарга, пададзеная ў ЦВК, мела больш за 100 старонак, а ў 2010 кандыдат ад БНФ ледзьве не спазніўся — яго вызвалілі з “амерыканкі” за тры гадзіны да завяршэння тэрміну.

Пакуль сацыяльныя сеткі кіпяць страсцямі з нагоды скаргі Таццяны Караткевіч, Еўрарадыё ўзгадвае, якім чынам апазіцыя спрабавала адмяніць вынікі выбараў у мінулыя гады.

“Ледзьве паспеў!” — Як кандыдаты спрабавалі адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў

2001 год — Ганчарык на аспрэчванне выбараў меў усяго адзін дзень

 

Прэзідэнцкія выбары 2001 года адбываліся ў верасні. Магчымасць вылучыць адзінага кандыдата ад апазіцыі тады яшчэ не была настолькі фантастычнай, як цяпер. Праўда, ім стаў прафсаюзны функцыянер Уладзімір Ганчарык (што далёка не ўсім спадабалася), але ўсё ж адзіны быў. Па выніках ЦВК Ганчарык набраў 15,65%. Апазіцыю гэта, вядома ж, не задаволіла і штаб кандыдата падаў скаргу на вынікі кампаніі, патрабуючы іх перагляду.

“Я часткова рыхтаваў тую скаргу. Яна падавалася камандай Ганчарыка. А яшчэ вялікую па аб’ёме скаргу падаваў “Беларускі хельсінкскі камітэт”. У іх там было больш за сто старонак. Тады скаргі яшчэ маглі падаваць і назіральнікі, і грамадскія аб’яднанні. Там была вялікая колькасць актаў назіральнікаў. Але яны выніку не мелі — па ўсіх скаргах было адмоўлена”, — расказвае Уладзь Лабковіч.

Складанасцяў у справе абскарджвання вынікаў выбараў у 2001 годзе (як і ў 2006) дадавала тое, што паводле закона, зрабіць гэта трэба было ўсяго за адзін дзень. Сёлета кандыдаты на фармулёўку сваіх прэтэнзій маюць тры дні.

“Ледзьве паспеў!” — Як кандыдаты спрабавалі адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў

2006 год — скаргу на вынікі выбараў паслалі па пошце

 

У 2006 годзе апазіцыйных кандыдатаў было двое — Аляксандр Казулін і Аляксандр Мілінкевіч. На падачу скаргі яны мелі таксама адзін дзень. Уладзь Лабковіч, які зноў фармуляваў прэтэнзіі да выбараў, расказвае, што рыхтаваць дакумент пачалі адразу пасля заканчэння галасавання:

“Я тады узначальваў юрыдычную службу у штабе Аляксандра Мілінкевча. Памятаю, што ў 22 гадзіны я паехаў з плошчы у штаб і мы яе пісалі да 17 гадзін наступнага дня. Там было 48 старонак. Там быў звычайны змест, вельмі падобную падавалі і ў 2010 годзе. Мы звярталі ўвагу на фармаванне камісій, куды не ўключалі прадстаўнікоў кандыдатаў, на рэпрэсіі ў дачыненні да сябраў ініцыятыўнай групы і іншае”, — расказвае Лабковіч.

Скардзіцца было на што. Ужо нават на стадыі збору подпісаў былі затрыманні сябраў ініцыятыўных груп, арышты, канфіскацыі падпісных лістоў. А непасрэдна перад выбарамі затрымалі ажно каля 200 актывістаў, якія працавалі на Мілінкевіча. “У рэгіёнах усе штабы былі разгромленыя ўжо за тыдзень да выбараў”, — кажа Уладзь Лабковіч.

Тэкст скаргі у 2006 годзе дасылалі па пошце з Галоўпаштамта — падаць яе непасрэдна ў ЦВК не паспелі, будынак быў ужо зачынены. Таму дату падачы скаргі правяралі па паштовым штампе. Вынікаў скарга таксама не мела ніякіх. А ў Вярхоўным судзе яе нават не сталі разглядаць.

“Ледзьве паспеў!” — Як кандыдаты спрабавалі адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў

2010 год — тэкст скаргі ў ЦВК дастаўлялі “партызанскімі сцежкамі”

 

“Гэта атрымалася зрабіць толькі нейкім цудам… Я бланк, чысты ліст са сваім подпісам, пакінуў Аляксею Янукевічу (старшыня ПБНФ, — Еўрарадыё) яшчэ раніцай 19 снежня, перад паходам на плошчу”, — расказвае Рыгор Кастусёў, які ў 2010 годзе быў адным са шматлікіх апазіцыйных кандыдатаў.

Кастусёва разам з іншымі кандыдатамі арыштавалі у той жа вечар. Пратрымалі некалькі дзён. А далей быў той самы цуд. “Мяне адпусцілі з турмы КДБ за тры гадзіны да заканчэння тэрміна падачы скаргі у ЦВК. Чым гэта можна патлумачыць — я не ведаю. Узялі і адпусцілі. І мне ўдалося самому асабіста разам з праваабаронцамі дайсці да ЦВК. Да скаргі мы прыклалі вялікую кіпу дакументаў ад назіральнікаў з усіх рэгіёнаў краіны. Дыскі з відэаматэрыяламі. Салідная такая тэчка”, — узгадвае Кастусёў.

Да будынка ЦВК на плошчы Незалежнасці Рыгор Кастусёў разам з праваабаронцамі прабіраўся, як ён сам кажа, “партызанскімі сцежкамі”. З выключанымі тэлефонамі і маскіроўкай. “У ЦВК былі уражаныя тым, што я прынёс дакументы. Але мусілі іх прыняць. Мы паспелі за гадзіну да заканчэння тэрміну”, — кажа экс-кандыдат.

Далей пачаліся яшчэ весялейшыя падзеі. Ужо праз гадзіну у Кастусёва звоніць мабільны, яго ласкава запрашаюць на размову ў КДБ, дзе трымаюць да трох гадзін ночы. “Наездаў такіх асаблівых не было на мяне. У расцяжку не ставілі. Але размова была ў такім ключы, што вось мяне адпусцілі, а я такую свінню ім падклаў. Да трох ночы мы такім чынам размаўлялі. Маўляў, добра было б, каб я адазваў скаргу”, — узгадвае Рыгор Кастусёў.

Праз некалькі дзён былому кандыдату прыйшоў адказ з ЦВК, што факты парушэнняў выбарчага заканадаўства не пацвердзіліся. Вярхоўны суд потым яе прадубляваў.

“Ледзьве паспеў!” — Як кандыдаты спрабавалі адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў

2015 год — экс-кандыдатка Караткевіч на добры вынік нават не спадзяецца

 

Сёлета парушэнні на выбарах фіксавалі праваабаронцы, апазіцыянеры і сам штаб кандыдаткі Караткевіч. Скаргу з прапановай адмяніць вынікі выбараў яна падала ў апошні дзень. “Скарга больш чым на 200 старонках. Яна заснаваная на дадзеных незалежнага назірання ініцыятывы “Права выбару”, а таксама на справаздачы праваабаронцаў… Мы прапануем не прызнаць гэтыя выбары. Але думаем, што нашу скаргу не задаволяць. Вы ж памятаеце, што было са скаргай БНФ па зборы подпісаў”, — расказала былая кандыдатка журналістам.

У пятніцу 16 кастрычніка Цэнтрвыбаркам павінен праінфармаваць Караткевіч пра вынікі паверкі.

 

Фота: zapraudu.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі