Леанід Валабуеў хоча засудзіць “Брестский курьер” за гумарэску

Берасцеец Леанід Валабуеў патрабуе за знявагу ягоных гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі кампенсацыі ў памеры 2 мільёнаў рублёў. Таксама ён хоча, каб было анулявана пасведчанне аб рэгістрацыі газеты.

У сваім іску ён прыводзіць наступныя цытаты з “Песни о Волобуеве”, якая была надрукавана ў газеце на старонцы гумару, што насамрэч не мела дачынення да канкрэтнага Валабуева ніякага дачынення і была проста супадзеннем:


“Об окурки спотыкаясь, прется пьяный Волобуев,

… с незастегнутой ширинкой, —

Вот убийца робко прячет тело мертвое в багажник…

Он хозяин переулка. Он чё хочешь может сделать. И пописать где угодно”.


Галоўны рэдактар выдання Мікалай Аляксандраў распавядае гісторыю канфлікта:


“Мы з Валабуевым учора ўпершыню пабачыліся ў судзе. Спачатку пасля публікацыі ён мне патэлефанаў, страшэнна пакрыўдзіўся. Кажа: “Ну і падарунак вы мне зрабілі да дня нараджэння. Усё знаёмыя хіхікаюць, кажуць: аднак жа, “Брестский курьер” цябе павіншаваў — і паказваюць гэтую публікацыю.


Я яму адказаў, што гэта такое нешчаслівае супадзенне, таму давайце мы прынясем вам прабачэнні ў наступным нумары і дамо абвяржэнне. Напішам, што гэта гумарэска і канкрэтнага грамадзяніна Валабуева яна не датычыцца. Толькі скажыце свае імя і імя па бацьку, каб мы ведалі што абвяргаць.


Ён тады сказаў, што яму нічога такога не трэба. Я асабіста папрасіў прабачэння па тэлефоне.


Але ў наступным нумары мы далі каментар, што спампавалі гэтую “Песню…” з Інтэрнэту, што аўтар яе жыве ў Расіі і што не чакалі, што атрымаецца такое супадзенне прозвішчаў”.

Мы звязаліся з Леанідам Валабуевым, але ён сказаў, што гэтае пытанне балючае, і адмовіўся даваць каментар.

Дарэчы, аўтар “Песні пра Валабуева” — пародыі на “Песню пра Буравеснік” Расціслаў Крывіцкі калісьці пачынаў у данецкай камандзе КВЗ. У апошнія гады актыўна працаваў на тэлебачанні. Быў адным з суаўтараў праграмы “Куклы”, “Тушите свет”. Зараз ён працуе у “Красной бурде” і друкуецца ў шматлікіх выданнях і на Інтэрнэт-рэсурсах.


Мікалай Аляксандраў працягвае:


“Пра Валабуева ёсць таксама адзін вядомы анекдот, і так прозвішча стала вандраваць па КВЗ і гумарэсках.


Мы аказаліся ў анекдатычнай сітуацыі, калі нехта Валабуеў пазнаў сябе ў гумарэсцы. Пагаварыць з ім у нас магчымасці, на жаль, не выдалася, бо ён хутка сышоў. Яшчэ мне здаецца, што ён былы адстаўны вайсковец, можа, нават працаваў у нашым ваенным шпіталі. Таму, магчыма, з пачуццём гумару ў яго не ўсё ў парадку.


Настроеныя мы аптымістычна, і калі гэты суд задаволіць іск Валабуева, мы пойдзем далей. Але спадзяемся, работнікі суда зразумеюць, што не было ў нас злых намераў”.


Дарэчы, у тэлефонных даведніках Брэста Еўрарадыё знайшло яшчэ 2 Валабуевых, па Брэсцкай вобласці — 8. У гэтых Валабуевых пачуццё гумару ёсць.


Фота — brestobl.com/bk


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі