Вы тут

Латушка распавёў пра тэрабайты відэасведчанняў гвалту з боку сілавікоў

Разгон пратэстоўцаў ля Стэлы ў Мінску / скрыншот відэа​

У адрас "Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў" паступіла вялікая колькасць матэрыялаў, якія сведчаць аб неабгрунтаваным прымяненні сілы з боку праваахоўных органаў, заявіў у эфіры тэлеканала "Дождь" лідэр Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка. Сярод гэтых матэрыялаў ёсць і сведчанні людзей, і кадры відэаназірання.

"У наш адрас паступілі тэрабайты матэрыялаў гарадскога назірання, перш за ўсё, з датамі 9-12 жніўня", — сказаў Латушка. Паводле яго слоў, вельмі важна разабрацца, што адбылося ў тыя дні, і "хто адкрыў гэтую скрыню Пандоры".

У эфіры "Дождя" былі паказаныя таксама два відэаролікі пра падзеі 9 жніўня ў Менску ў раёне Стэлы. Латушка іх пракаментаваў.

"Мы бачым неабгрунтаванае прымяненне зброі ў адносінах да пратэстоўцаў, калі іх закідвалі гранатми. Дзясяткі гранат ляцяць. Таксама выстрэльваюць з драбавіка і трапляюць у пажылога мужчыну, які проста сядзеў на камені каля Стэлы", — сказаў ён.

Важна разабрацца, чаму гэта адбылося, з чым звязана, чаму менавіта такім спосабам дзейнічалі сілавікі, лічыць лідар НАУ. Ён таксама распавёў, што цяпер гэта відэа аналізуюць былыя следчыя, пракуроры і супрацоўнікі міліцыі. "Плануецца, што да 20 снежня гэтыя матэрыялы будуць прадастаўлены грамадскасці", сказаў ён.

Латушка нагадаў, што праект "Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў" накіраваны на тое, каб забяспечыць няўхільнасць пакарання за гвалт з боку сілавікоў у дачыненні да мірных грамадзян.

Раней падобны праект запусціла Святлана Ціханоўская. Ён называецца "Народны трыбунал". У рамках гэтага праекта збіраюцца доказы злачынстваў рэжыму. Пры гэтым кожны "парушальнік закона", які дапаможа з доказамі, можа спадзявацца на амністыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.